Расія. Кубань просіцца ва Украіну
Украінская грамадскасць з вялікім энтузіязмам каментуе скандал, які меў месца падчас матчу чарговага тура чэмпіянату Расіі па футболе паміж краснадарскай «Кубанню» і санкт-пецярбургскім «Зенітам».

Фанаты гаспадароў расцягнулі на трыбунах вялізныя банеры на ўкраінскай мове з надпісам «За ФК «Кубань» — За Батьківщину» і выявай казака, а таксама датай заснавання клуба.
Тэкст мае ярка выражаны палітычны падтэкст. Нагадаем, што з канца XVIII стагоддзя Кубань засялялася казакамі, галоўным чынам з Запарожскай сечы. У цяперашні час на Кубані засталося шмат тапонімаў, звязаных з Украінай. Пасля абвяшчэння незалежнасці Украіны ў 1917 годзе Кіеў уключыў у межы будучай украінскай дзяржавы тэрыторыю Кубані. У сваю чаргу, частка створанай на Кубані казацкай рады таксама шукала кантактаў з украінскімі ўладамі.
У 1930-я гады ўкраінскае жыццё на Кубані стала малапрыкметным, аднак часам, як сведчаць падзеі на стадыёне, у Краснадары ўзгадваюць пра свае карані. Але некаторыя лічаць, што ўкраінская самасвядомасць прачнулася з-за таго, што галоўным інвестарам ФК «Кубань» з’яўляецца саўладальнік карпарацыі «Індустрыяльны саюз Данбаса» Алег Мкртчан. Нібыта для таго, каб падзякаваць фундатару, фанаты перайшлі на ўкраінскую мову.

Паводле ўкраінскай прэсы