Расія. Пад Удальцова капаюць свае
У Маскве адбыўся з’езд арганізацыі «Левы фронт», сярод лідараў якой Сяргей Удальцоў — адзін з дзеячаў антыпуцінскай апазіцыі. Падчас з’езду частка «франтавікоў» асудзіла дзейнасць Удальцова. Імі сфармаваная так званая «Левая платформа», якая лічыць, што ўдзел у «агульнаграмадзянскіх акцыях» разам з лібераламі шкодзіць левай справе.
«Мы ставім сваёй задачай аздараўленне «Левага фронту», ачышчэнне яго ад нацыяналістычных і ліберальных тэндэнцый, наладжванне сістэматычнай працы», — гаворыцца ў дакументах платформы. На думку палітолагаў, гаворка як мінімум ідзе пра раскол «Левага фронту», калі не наогул пра адстаўку Удальцова. Адзінае, што пакуль застаецца незразумелым, — хто «плаціць за музыку».
Некаторыя лічаць, што за «платфармістамі» стаіць Крэмль, якому патрэбна дыскрэдытаваць Удальцова любымі сродкамі. Другія мяркуюць, што фронда — праява сектантаў, якіх заўсёды хапае ў расійскім левым руху.
Паводле расійскай прэсы