Расія пашырыла харчовае эмбарга. Цяпер і на Украіну

Харчовае эмбарга таксама распаўсюджваецца на Албанію, Чарнагорыю, Ісландыю і Ліхтэнштэйн



index38.jpg

Расія пашырыла харчовае эмбарга на Украіну. Але яно ўступіць у сілу ў выпадку прымянення эканамічнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам.

«Што тычыцца Украіны. Забарона на ўвоз сельгаспрадукцыі ўступіць у сілу толькі ў выпадку прымянення ўрадам гэтай краіны эканамічнай часткі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, якое Кіеў заключыў у чэрвені мінулага года. Мы дамаўляліся даць пэўны час, да 1 студзеня наступнага года, для вырашэння пытанняў эканамічнага рэгулявання. Па заканчэнні гэтага тэрміну, калі мы не зможам дамовіцца пры пасярэдніцтве Еўрапейскага Саюза, а ніякіх прыкмет гэтага я не бачу, уступяць у сілу раней прынятыя дакументы, якія вызначаюць для Украіны звычайны рэжым гандлю і эмбарга на прадукты харчавання. Вось такія рашэнні», — заявіў на пасяджэнні расійскага ўрада прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў.

Ён падкрэсліў, што да дзяржаў Еўрасаюза, а таксама Аўстраліі, Канады, Нарвегіі і ЗША, якім у жніўні 2014 года былі забароненыя пастаўкі некаторых відаў сельгаспрадукцыі, дадаўся цэлы шэраг краін, акрамя Украіны: Албанія, Чарнагорыя, Ісландыя, Ліхтэнштэйн.

«Гэтыя дзяржавы далучыліся да рашэння Еўрасаюза аб падаўжэнні антырасійскіх санкцый. Яны аргументуюць сваё рашэнне тым, што абавязаны ўвесці гэтыя санкцыі ў сілу рознага роду пагадненняў з ЕС. Але гэтая пазіцыя толькі збольшага справядлівая. Хачу адзначыць, што шэраг дзяржаў, у якіх ёсць аналагічныя пагадненні з ЕС, у санкцыях супраць РФ не ўдзельнічаюць», — сказаў ён.

Мядзведзеў перакананы, што далучэнне да санкцый — «гэта свядомы выбар, які азначае гатоўнасць да захадаў у адказ з нашага боку, якія і прыняты».

Нагадем, летам 2014 года Еўрасаюз, а таксама ЗША, Канада, Японія і шэраг іншых краін абвясцілі пра новыя санкцыі ў дачыненні да асоб, кампаній, банкаў і некаторых сектараў расійскай эканомікі з-за дзеянняў Расіі, накіраваных на дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне. Першы этап санкцый быў уведзены яшчэ ў сакавіку — пасля анэксіі Расіяй Крыму.

Паводле УНІАН