Расія. Праваслаўныя фундаменталісты асудзілі развод Пуціных

Разрыў шлюбу паміж Уладзімірам і Людмілай Пуцінымі паставіў Рускую Праваслаўную Царкву ў няпростае становішча. Як вядома, паводле праваслаўных канонаў, такая практыка не вітаецца. З іншага боку, цяжка ўзгадаць, калі ў сучаснай Расіі царква мела мужнасць крытыкаваць уладу.



timthumb1.jpg

У такой сітуацыі клір РПЦ, здаецца, вырашыў прамаўчаць. Прынамсі пакуль ніводнага каментара наконт этычнасці паводзін Уладзіміра Пуціна, верніка РПЦ, не было. А вось радыкальнай фракцыі праваслаўя, якая не фінансуецца дзяржавай, губляць няма чаго. Таму яе прадстаўнікі ахвотна крытыкуюць учынкі Пуціна.

Так, напрыклад, Саюз праваслаўных брацтваў заявіў вуснамі свайго каардынатара пра тое, што «праваслаўны прэзідэнт Пуцін паказаў ганебны прыклад». Асабліва адзначаецца тое, што развод адбыўся на фоне таго, што Расія і так сусветны рэкардсмен па колькасці разводаў.

Дасталася ад фундаменталістаў і кіраўнікам РПЦ. На іх думку, тактыка маўчання адносна паводзін кіраўніка Расіі адмоўна ўплывае на аўтарытэт храму. Так гэта ці не, сказаць цяжка.

Аднак усе сацыёлагі згодныя з тым, што сярод жанчын сярэдняга ўзросту рэйтынг Пуціна дакладна знізіцца. Асабліва, калі бліжэйшым часам у яго з’явіцца новая жонка. Некаторыя выданні лічаць, што развод ёсць першы крок у гэтым накірунку.

Паводле расійскай прэсы