Расійскі карабель ледзь не сеў на меліну ў Польшчы. Каманда была п'яная

Здарэнне з расійскім караблём адбылося ранкам 5 снежня каля Гданьска, піша «Свабода».

«

uid_54e1d6f157d4426237ab30f2588861791638631949116_width_1280_play_0_pos_0_gs_0_height_720_kapitan_ruslany_mial_poltora_promila_fot_wiki_40farid_mernissi.jpg


Пасля 4-й гадзіны раніцы мясцовага часу 5 снежня грузавое судна «Руслана» наблізілася да Сабешэўскага пляжа каля Гданьска. Карабель кітайскай пабудовы 2007 года, што належыць кампаніі «Трансфлот» з Санкт-Пецярбурга, плыў з літоўскай Клайпеды, паведамляе Portalmorski.pl.
Убачыўшы, што судна прамым курсам рухаецца ў бок пляжа, польскія службы пачалі дасылаць экіпажу сігналы пра небяспечны рух, але расійскае судна ніяк не зрэагавала на іх. Тады насустрач паплылі судны Марской службы пошуку і ратавання і Памежнай варты. Толькі за кіламетр ад пляжу «Руслана» павярнулася на 180 градусаў і адправілася ў порт Гданьска.
Дзіўны маршрут карабля польскія службоўцы паказалі на відэа.


Кашубскі дывізіён Памежнай варты адправіўся даследаваць, што адбылося на судне і чаму яно доўга не рэагавала на сігналы, ідучы наўпрост на меліну. Высветлілася, што капітан «Русланы» меў каля 1 праміле алкаголю ў крыві, а два афіцэры экіпажу па 1,5 праміле.
Зараз высвятляецца, якім чынам расійскі карабель усё ж павярнуў у порт і не сеў на меліну — толькі ўбачыўшы польскія памежныя караблі ці пачуўшы радыёсігналы. Імаверна, падчас першых сігналаў нікога не было ў рулявой рубцы.