Расійскіх хакераў западозрылі ў падрыхтоўцы нападаў да Алімпіяды
Расійскія хакеры могуць здзейсніць атаку да Алімпіяды. Спецыялісты знайшлі шэраг даменаў, што імітуюць працу антыдопінгавых сайтаў.
Хакерскую групу “Fancy Bears”, якую звязваюць з Расіяй, западозрылі ў падрыхтоўцы серыі хакерскіх нападаў на сайты Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA), Антыдопінгавае агенцтва ЗША USADA і Алімпійскі савет Азіі (OCASIA). Адпаведныя высновы зрабіла амерыканская кампанія па кібербяспецы “Threat Connect”, што знайшла дамены, якія імітуюць пералічаныя вышэй сайты.
Разам з тым, у “Threat Connect” не сцвярджаюць, што гэтыя дамены выкарыстоўваліся са злым намерам ці дакладна звязаныя з групоўкай “Fancy Bears”. Свае высновы эксперты робяць на ўскосных прыкметах — падобныя метады выкарыстоўваліся хакерамі ў 2016 годзе, калі ім удалося атрымаць доступ да канфідэнцыйнай інфармацыі WADA аб амерыканскіх спартоўцах.
Раней група “Fancy Bears” выклала дакументы і перапіску вышэйшага кіраўніцтва Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) і WADA, у якіх гаворыцца, што мэтай камісіі Макларэна было адхіленне расейцаў ад удзелу ў Алімпіядах у Рыа-дэ-Жанейра і Пхенчхане, дыскрэдытацыя МАК і ўсяго алімпійскага руху, а таксама барацьба за ўладу і грошы ў сусветным спорце. WADA ў адказ назвала “Fancy Bears” "злачыннай арганізацыяй".
Нагадаем, Міжнародны Алімпійскі камітэт 5 снежня прыняў рашэнне не дапускаць Расію на Алімпіяду ў Пхенчхане ў 2018 годзе годзе.