Рэкордная колькасць жыхароў Расіі палічылі яе вялікай дзяржавай
Па дадзеных «Левада-цэнтра», 68 адсоткаў расейцаў лічаць, што Расія з'яўляецца вялікай дзяржавай. Вынікі апытання публікуе ў аўторак, 24 сакавіка, газета «Весткі».
Рэкордная колькасць жыхароў Расіі палічылі яе вялікай дзяржавай
Столькі ж суайчыннікаў лічылі краіну вялікай у лістападзе 2014 года. З таго часу паказчык не змяніўся, і гэта самы высокі ўзровень за ўсю гісторыю сацыялагічных замераў, паведамляе delfi.lt.
«Гэта колькасць расіян захоўваецца, нягледзячы на складаную эканамічную сітуацыю ў краіне, якая выклікала рост цэн і іншыя негатыўныя наступствы для насельніцтва», — сказала сацыёлаг «Левада-цэнтра» Карына Піпія.
Столькі ж людзей — 68 адсоткаў ад удзельнікаў апытання — лічаць, што Расія адыгрывае значную ролю ў вырашэнні міжнародных праблем.
У 1999 годзе толькі 31 працэнт грамадзян Расіі лічылі краіну вялікай дзяржавай, большасць (65 адсоткаў) былі з гэтым не згодныя. Зараз нязгодных значна менш — 27 адсоткаў.
Кожны трэці (35 адсоткаў) лічыць, што за апошнія паўгода Расею сталі больш баяцца. Дзве траціны рэспандэнтаў (63 адсоткі) упэўнены, што ў Расіі дадалося і знешніх, і ўнутраных ворагаў.