Румынія. Зноў шукаюць грошы Чаўшэску

У Румыніі аднаўляецца пошук «золата Чаўшэску». Як заявіў у эфіры «Kanal D» журналіст Штэфан Строе, сакрэтныя банкаўскія рахункі пакаранага румынскага кіраўніка трэба шукаць у Канадзе.



397575_original.jpg

Румынскі плакат часоў праўлення Чаўшэску, на якім ён намаляваны з жонкай — Аленай Чаўшэску, прэм'ер-міністрам румынскага ўрада

«Грошы знаходзяцца ў Канадзе. Банк называецца «Royal Bank», а сума грандыёзная. Гаворка ідзе пра эквівалент соцень мільярдаў еўра. Многія афіцыйныя асобы ведалі пра гэты рахунак. Я неўзабаве прадстаўлю доказы. Я перакананы, што гэты рахунак цяпер актыўны. У мяне ёсць яго лічбавы нумар і подпіс. Грошы паступалі на яго з 1981 года», — заявіў Строе.

Журналіст не даў ніякіх тлумачэнняў адносна крыніцаў сваёй інфармацыі. Нагадаем, што пошукі тайных рахункаў Чаўшэску вядуцца з моманту падзення яго рэжыму ў 1989 годзе. За мінулыя больш чым 20 гадоў ні адна з зачэпак не прывяла да знаходкі якіх-небудзь банкаўскіх актываў кіраўніка сацыялістычнай Румыніі.

Паводле румынскай прэсы