Руская мова ніколі не стане дзяржаўнай у Латвіі

Руская мова ніколі не атрымае статус дзяржаўнай у Латвіі. Пра гэта заявіла 22 студзеня амбасадар Латвіі ў РФ Астра Курме.



kurmeastra.jpg

Астра Курме
«Ёсць выдатная вялікая краіна, дзе руская ўжо з'яўляецца дзяржаўнай мовай. Гэта Расія», — сказала яна. «А па суседстве знаходзіцца Латвія, не такая ўжо вялікая. І гэта адзінае месца, дзе Латвія можа мець сваю дзяржаўную мову», — сказала яна 22 студзеня на прэс-канферэнцыі ў цэнтральным офісе «Інтэрфакса».
Пасол дадала, што «гэтае пытанне даўно вырашана і не будзе падымацца». У той жа час Курме адзначыла, што ў Латвіі ёсць магчымасць размаўляць на рускай мове, працуюць рускамоўныя тэлеканалы.
«У мяне няма інфармацыі, што ў Латвіі забаранілі карыстацца рускай мовай», — сказала Курме. «Што тычыцца паведамленняў аб тым, што мела месца забарона на выкарыстанне рускай мовы, то гаворка ішла аб рэкамендацыях размаўляць на латышскай на працоўным месцы», — патлумачыла дыпламат.
Днямі Цэнтр дзяржмовы Латвіі выпусціў зварот да жыхароў краіны з патрабаваннем размаўляць на працоўных месцах толькі на латышскай мове. Гэта датычыцца ўсіх работнікаў, асабліва ў сферы абслугоўвання — крамах, грамадскім транспарце, офісах і ўстановах.
«Не будзем забываць, што Латвія — адзінае месца ў свеце, дзе можа быць гарантавана існаванне і развіццё латышскай мовы, а звужэнне сферы выкарыстання яе як дзяржаўнай на тэрыторыі краіны варта лічыць пагрозай для яе статусу. Таму заклікаем кожнага працадаўцу абмеркаваць з работнікамі значэнне выкарыстання дзяржмовы пры выкананні прафесійных абавязкаў»,  —  гаварылася ў паведамленні Цэнтра.