Ryanair 28 верасня адмяняе 190 рэйсаў з-за чарговай забастоўкі пілотаў

Супрацоўнікі ірландскай бюджэтнай авіякампаніі Ryanair з-за байкоту пілотаў і бортправаднікоў 28 верасня адмяняюць 190 рэйсаў з шасці краін Еўропы.

ryanair_rajnejr.jpg


Адмяняюцца рэйсы з Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Бельгіі, Галандыі і Германіі, піша mlyn.by са спасылкай на Daily Mirror. Адміністрацыя лоўкосцера ўжо адправіла лісты аб ануляванні квіткоў 30 тыс. пасажырам. Прычым, без абяцання кампенсацыі за адмену рэйсаў, бо тое, што адбываецца, лічыць форс-мажорам.
Падобныя байкоты прафсаюзы работнікаў авіякампаніі ладзяць на працягу ўсяго года. Мэта — падняць заработную плату і палепшыць умовы працы лётчыкаў і бортправаднікоў. Самая буйная акцыя пратэсту прайшла ў жніўні, у разгар турыстычнага сезона. Ryanair адмяніла каля 400 рэйсаў у чатырох краінах Еўропы. Тады ад дзеянняў персаналу лоўкосцера пацярпелі каля 55 тысяч пасажыраў.
Апошні байкот прайшоў у Германіі 12 верасня і доўжыўся 24 гадзіны. Было адменена 150 рэйсаў. Яго абвясціў нямецкі пілотны саюз Vereinigung Cockpit (VC). Пасля гэтай акцыі пратэсту кіраўніцтва Ryanair прыстрашыла ў выпадку паўтарэння байкотаў скарачэннем працоўных месцаў.
Але гэта не падзейнічала і праз два тыдні сітуацыя паўтарылася. Пакуль адміністрацыя лоўкосцера спрабуе вырашыць сітуацыю мірам:
— Мы шчыра просім прабачэння перад кліентамі, якія пацярпелі з-за адмены авіярэйсаў. Неаднаразовыя непатрэбныя забастоўкі наносяць шкоду бізнесу Ryanair і прымушаюць кліентаў сумнявацца ў нашай прыстойнасці. Мы спадзяемся, што прафсаюзы паступяць разумна і дапамогуць хуткаму вырашэнню канфлікту, перашкаджаючы з'яўленню новых, — адзначыў галоўны спецыяліст па маркетынгу авіякампаніі Ryanair Кені Джэйкабс.