Самы вялікі сакрэт Рэйгана

Трыумф фільма «Аперацыя «Агро» (рэжысёр Бен Афлек) выклікаў інтарэс да гісторыі з захопам амерыканскага пасольства ў Тэгеране ў 1979 годзе. Магчыма, гэта дапаможа праліць святло на яшчэ адну загадку гісторыі.  



32.jpg

Калі прыкладна пару тыдняў таму былі абвешчаныя намінанты на «Оскар», большасць кінакрытыкаў рабіла стаўкі на фільм «Лінкальн» (рэжысёр Стывен Спілберг). За ім ішла стужка «Жыццё Пі». Шансы стваральнікаў фільму «Аперацыя «Арго» лічыліся невысокімі. Аднак 13 студзеня, пасля раздачы прызоў прэстыжнай прэміі «Залаты глобус», каціроўкі змяніліся. «Аперацыя «Арго» прызнана лепшым фільмам года і цяпер разглядаецца як галоўны прэтэндэнт на «Оскар».

affleck.jpg

Бен Афлек

Дадатковай адзнакай поспеху карціны сталі навіны з Тэгерану, дзе фільм назвалі «інспірацыяй д’ябла». Іранскія ўлады заявілі, што гісторыя, якую распавядае карціна, — стоадсоткавая хлусня. Нагадаем, сюжэт базіруецца на незвычайнай аперацыі пад назвай «Арго», якую ў 1979 годзе правяло ЦРУ ў Іране. Агенты вывезлі з краіны, дзе панавала антыамерыканская істэрыка, шэсць супрацоўнікаў амерыканскага пасольства, якім падчас штурму будынка ў лістападзе 1979 года ўдалося збегчы і схавацца ў рэзідэнцыі канадскага пасла.

Там яны сядзелі амаль паўгода, пакуль іх не выцягнулі з Тэгерану пад выглядам здымачнай групы нейкага галівудскага навукова-фантастычнага блокбастара. Дарэчы, каб у стражаў аховы рэвалюцыі не ўзнікла падазрэнняў, у Галівудзе сапраўды ішла імітацыя здымак фільму. У тым ліку з дапамогай гэтай «ліпы» «здымачнай групе» ўдалося выехаць з Ірану.

На думку іранцаў, усё было не так. Праўду гледачы ўбачаць у фільме «Генерал Стаф» (The General Staff). Стужку здымае іранскі рэжысёр, які сказаў, што «гэта будзе адэкватны адказ на антыгістарычны паклёп пад назвай «Арго».

778378953.jpg

Тое, што «Арго» не цягне на чыстую праўду, зразумела. Не паспеў фільм выйсці на экраны, як МЗС Новай Зеландыі выказала пратэст. У фільме згадваецца пра тое, што дыпламаты гэтай краіны не пусцілі да сябе амерыканцаў. На самай справе, новазеландцы прапанавалі ім сховішча. Аднак тыя, перш за ўсё па прычынах бяспекі, вырашылі хавацца ў канадцаў.

Як бачым, новай інфармацыі пра крызіс закладнікаў, дзякуючы выхаду «Арго», з’яўляецца цяпер вельмі шмат. У тым ліку ёсць надзея, што гэта дапаможа праліць святло на адну цёмную справу, звязаную з той падзеяй. Гаворка пра тэорыю, адпаведна якой у 1980 годзе аятала Хамейні і Рональд Рэйган рэалізавалі сумесны план — не пусціць Джымі Картэра на другі тэрмін, выкарыстаўшы для гэтага крызіс з закладнікамі.

Падставы для такой версіі, якая называецца «October Surprise», дала падзея 20 студзеня 1981 года. У гэты дзень Рональд Рэйган у Вашынгтоне прайшоў цырымонію інагурацыі і стаў афіцыйна 40-м прэзідэнтам Злучаных Штатаў. Праз 20 хвілін пасля заканчэння яго інаўгурацыйнай прамовы Тэгеран выпусціў 52 амерыканскіх дыпламатаў, якіх утрымліваў на працягу 444 дзён. Супадзенне? Магчыма, аднак менавіта няздольнасць ЗША вызваліць суайчыннікаў падкасіла рэйтынг Картэра. Дарэчы, яшчэ ў снежні 1980 года першыя падазрэнні пра магчымыя кантакты Рэйгана і Хамейні выказала арганізацыя грамадзянскіх актывістаў «La Rouche movement», якая праводзіць незалежныя даследаванні і маніторынг ураду.

Тое, што адбывалася далей, яшчэ больш умацавала падазрэнні аматараў «October Surprise». Пасля прыходу да ўлады адміністрацыя Рэйгана пачала праз Ізраіль прадаваць у Іран зброю і адразу разблакавала банкаўскія рахункі Ірану ў амерыканскіх банках.

З’явіліся плёткі, што смерць партугальскага прэм’ера Франсішку Мануэля Лумбраліш дзі Са Карнейру таксама звязаная з гэтай справай. У пятніцу, 4 снежня 1980 года, самалёт прэм’ера згубіў вышыню, уразаўся ў сцяну аднаго з дамоў у партугальскім гарадку Камаратэ і загарэўся. За некалькі дзён да трагедыі партугалец, быццам, распавёў сябрам, што бачыў дакументы, якія сведчаць пра супрацоўніцтва Рэйгана і Хамейні. Па словах міністра, ён рыхтаваў з гэтай нагоды даклад, які хацеў прачытаць з трыбуны ААН.

Хаця на працягу 1980-х гадоў шматлікія выданні спрабавалі даследаваць «October Surprise», сапраўднае следства пачалося пасля таго, як выбухнула афера «Іран Контрас» (буйны палітычны скандал, які разгарэўся напрыканцы 1986 года, калі стала вядома пра тое, што некаторыя сябры адміністрацыі Рэйгана арганізавалі таемныя пастаўкі ўзбраення ў Іран, парушаючы тым самым эмбарга супраць гэтай краіны).

Тыя, хто спрабаваў разабрацца ў дэталях, натуральна, хацелі ведаць, адкуль і як пачалі супрацоўнічаць Рэйган і Хамейні. Натуральна, узгадалі пра тэорыю «October Surprise». Тым больш, што пачаў размаўляць Абальхасан Банісадр (першы прэзідэнт Ірана, дэмакратычна абраны адразу пасля Ісламскай рэвалюцыі 1979 года). Пасля канфлікту з Хамейні ў 1981 годзе ён быў вымушаны збегчы з Ірану, угнаўшы самалёт кампаніі ВВС. У эміграцыі палітык сеў за мемуары, якія выйшлі ў 1991 годзе. У іх ён таксама ўзгадвае пра размову з атачэннем Хамейні ўвосень 1980-га. Абальхасан Банісадр піша: «Яны заключылі дамову з Рэйганам пра тое, што заложнікі не будуць вызваленыя да таго, як Рэйган не стане прэзідэнтам».

Банісадра выклікалі ў Вашынгтон на пасяджэнне следчай камісіі. Таксама камісія заслухала шмат сяброў выбарчай каманды Рэйгана і афіцэраў разведкі. У выніку, аднак, ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці. Усе абвінавачанні былі знятыя з-за адсутнасці прамых доказаў.

Тым не менш, праца камісіі дазволіла журналістам скласці магчымую храналогію афёры «October Surprise». Такім чынам, у сакавіку 1980 года менеджар кампаніі Рональда Рэйгана, будучы дырэктар ЦРУ Уільям Кейсі прызначае сустрэчу Джамшыду Хашымі, сусветна вядомаму гандляру зброяй з Блізкага Усходу. Па версіі журналістаў, Кейсі прасіў у яго кантакты нейкіх дзяржаўных асоб у Іране, якія маюць дачыненне да справы з закладнікамі. У красавіку гандляр вяртаецца з Ірану і сустракаецца з групай людзей Рэйгана. Ён кажа, што ўстанавіў сувязь з патрэбнымі асобамі, якія гатовыя да кансультацый.

Наступная сустрэча адбываецца ў ліпені ў Мадрыдзе. Тут з Кейсі размаўляе адзін з лідараў ісламскай рэвалюцыі Мехдзі Карубі. Амерыканец кажа, што будучая адміністрацыя будзе ўдзячная, калі дыпламатаў пратрымаюць да прызначаных на лістапад прэзідэнцкіх выбараў. Карубі перадае тэкст прапановы Хамейні, і той дае згоду. У рамках дамовы 21 кастрычніка, фактычна напярэдадні выбараў, Тэгеран нечакана прыпыняе перамовы наконт закладнікаў, наносячы такім чынам фатальны ўдар па прэстыжу Джымі Картэра як кандыдата на пасаду прэзідэнта. Вось такая версія.

Як бачым, матэрыялаў тут на цэлы серыял. Прычым з працягам. Як лічаць актывісты «La Rouche movement», шведскага прэм’ера Улафа Пальме забілі ў 1986 годзе таксама за тое, што ён занадта шмат ведаў пра «October Surprise».