Саўчанка вярнулі са шпіталя ў СІЗА
Саўчанка доўга настойвала на пераводзе ў бальніцу, але прабыла там менш за два дні. Украінку не задаволілі ўмовы ў маскоўскай гарлякарні, яна папрасілася назад у СІЗА.
Фота: Reuters
Украінка Надзея Саўчанка вернутая з маскоўскай бальніцы назад у СІЗА. Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў галоўны лекар маскоўскай бальніцы №20 Андрэй Крапівін.
"Так, праўда", — сказаў Крапівін, адказваючы на адпаведнае пытанне выдання.
Раней у чацвер Крапівін паведаміў, што стан здароўя Саўчанка здавальняючы.
"Наконт пацыенткі Саўчанка магу паведаміць, што яна была ў нас ўсебакова абследаваная з ужываннем высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі. У працэсе правядзення кансіліуму пацверджана, што стан Саўчанка здавальняючы, у сувязі з чым пацыентка можа знаходзіцца пад наглядам медыкаў СІЗА", — сказаў Крапівін.
Адзначым, Саўчанка была пераведзеная з СІЗА ў гарадскі шпіталь 28 красавіка. Учора яе адвакат паведаміў, што ўмовы ў лякарні горшыя, чым былі ў СІЗА.
Раней сёння амбасада Украіны накіравала ў расійскі МЗС ноту, дзе прасіла задаволіць просьбу Саўчанка аб пераводзе яе з бальніцы назад у СІЗА.