Журналісту адмовілі ў магчымасці наведаць папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА Віцебшчыны

Больш за дзясятак заяаў у папраўчыя ўстановы, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласці адправіў сябра ГА "БАЖ", незалежны журналіст і праваабаронца  Леанід Свецік. Ён прасіў даць яму
магчымасць наведаць згаданыя ўстановы, каб падрыхтаваць артыкулы  аб умовах жыцця і побыту асобаў, якія там утрымліваюцца. І ніводная заява задаволеная не была.



Усе адказы, атрыманыя Свецікам, практычна аднолькавыя. Розныя ў іх толькі назвы ўстановаў, з якіх прыйшлі лісты  з  падобнага зместу: “Асвятленнем дзейнасці папраўчых устаноў у крымінальна-выканаўчай сістэме займаюцца ведамасныя перыядычныя выданні — газеты “На страже” і “Трудовой путь”, якія ў поўнай меры адлюстроўваюць стан побыту і ўмоваў утрымання”.

Кіраўніцтва ўстановаў лічаць, што гэтага дастаткова, і таму ў кожным допісе пазначана: “У цяперашні час адміністрацыя не бачыць неабходнасці дадатковага асвятлення дзейнасці ўстановы ў іншых перыядычных выданнях".

Адрозніваўся ад астатніх  хіба адзіны адказ: начальнік папраўчай калоніі № 8 (г. Орша) паведаміў журналісту, што ягоны зварот дасланы ва ўпраўленне Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці — для ўзгаднення і прыняцця канчатковага рашэння. І ўжо адтуль журналіст і праваабаронца атрымаў стандартны адказ пра тое, што два ведамасныя выданні вычарпальна поўна і ўсебакова апісваюць жыццё утрыманцаў папраўчых установаў, ЛПП і СІЗА.

Атрымліваецца, што грамадзяне Беларусі мусяць чытаць выключна ведамасную прэсу, каб даведацца  пра жыццё людзей па той бок калючага дроту, — кажа Леанід Свецік. —  І што інфармацыі там цалкам дастаткова, больш — не трэба!”

Аднак ён звяртае ўвагу, што газета “На страже” — гэта друкаваны орган Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь . І рэдакцыйная палітыка выдання апісана наступным чынам: “У адпаведнасці з распараджэннямі міністра ўнутраных спраў у аснову асноў сваёй дзейнасці журналісты рэдакцыі ставяць стварэнне разнажанравых публікацыяў, якія адлюстроўваюць тэмы службовай і ўлікова-рэгістрацыйнай дысцыпліны, захавання асноватворных загадаў, папулярызацыі перадавога досведу, прафілактыкі розных відаў злачынстваў і правапарушэнняў".

То бок, гэтая газета  перадусім заклікана пісаць пра жыццё і дзейнасць  супрацоўнікаў міліцыі, і рэдакцыя не ставіць перад сабой задачаў асвятляць  умовы жыцця асуджаных або утрыманцаў ЛПП ці СІЗА.

Другая згаданая газета, "Трудовой путь" выдаецца непасрэдна самім Дэпартаментам выканання пакаранняў. І яе "мэтавая аўдыторыя" — гэта не шырокая беларуская грамадскасць, якая збольшага і не ведае пра існавання гэтага выдання, а найперш тыя, хто якраз і знаходзіцца за кратамі. Сайт "Віцебская вясна" цытуе допіс журналіста Андрэя Пачобута, які правёў некалькі месяцаў у СІЗА і  апісаў у лісце  на волю свае ўражанні: "Толькі ў турме даведаўся, што ў зняволеных ёсць свая газета. Традыцыйна ўвесь нумар забіты падзячнымі лістамі "зэкаў", у якіх яны нястрымна хваляць турэмных начальнікаў і падначальнікаў за тое, што наставілі іх на праўдзівы шлях, адкрылі вочы і г.д. і да т.п. Адным словам, звычайная бальшавіцкая перакоўка. І кошт гэтай перакоўкі таксама вядомы — умоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ)".

У шырокім распаўсюдзе — прыкладам, праз шапікі "Белсаюздруку", гэтай газеты, якая выдаецца два разы на месяц, няма. Няма ў выдання і інтэрнэт-сайта. З артыкуламі газеты "На страже" ахвотныя могуць пазнаёміцца праз афіцыйны сайт Міністэрства ўнутраных справаў, распаўсюджваецца яна і па падпісцы.

Для Леаніда Свеціка так і засталося незразумелым, чаму адміністрацыі папраўчыя ўстановаў, ЛПП і СІЗА Віцебскай вобласці лічаць дастатковым асвятленне дзейнасці сваіх структур толькі ў гэтых двух выданнях. Тым болей у цяперашніх умовах, калі на дзяржаўным узроўні абвешчана барацьба з дармаедствам, п'янствам, наркаманіяй, не кажучы ўжо пра злачыннасць. І калі журналісцкія матэрыялы пра тых, каго прыцягнулі да адказнасці за парушэнні заканадаўства, маглі б адыграць значную ролю ў прафілактыцы заганных праяваў у грамадстве.

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: