СБУ: Расія планавала збіць самалёт «Аэрафлоту» для апраўдання ўварвання ва Украіну

З такой заявай выступіў сёння кіраўнік Службы бяспекі Украіны Валянцін Налівайчанка.



2d19ade4_9b2b_4e49_8b03_564152f959e5_w640_r1_s.jpg

Кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка

Паводле яго, самалёт ляцеў тым жа паветраным калідорам і прыкладна ў той жа час, што і малайзійскі Боінг, гэта быў рэйс АФЛ-2074 па маршруце Масква-Ларнака. Менавіта для гэтага, па словах Налівайчанкі, ва Украіну быў дастаўлены комплекс «Бук», кіраваны расійскімі спецыялістамі.

Гэты комплекс, па словах Налівайчанкі, павінен быў быць усталяваны ў населеным пункце Першамайскае ў 20 км на захад ад Данецку, але «з-за таго, што спецыялісты былі не мясцовыя», яны пераблыталі дыслакацыю і перагналі «Бук» у населены пункт з такой жа назвай на паўночным усходзе ад Данецку.

«З першапачаткова запланаванага месца пасажырскі самалёт» Аэрафлоту" павінен быў быць збіты такім чынам, каб ён упаў на тэрыторыі, кантраляваныя сіламі антытэрарыстычнай аперацыі. Гэты тэракт быў цынічна спланаваны як падстава для пачатку адкрытай агрэсіі за масавую гібель ні ў чым не вінаватых расейцаў», — сказаў Налівайчанка.

Па словах кіраўніка СБУ, поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну планавалася 18 ліпеня.

На пытанне, чаму тады, як вынікае з радыёперахопу СБУ, тэрарысты перакананыя ў тым, што яны збілі ваенна-транспартны самалёт узброеных сілаў Украіны, Налівайчанка адказаў, што на нізавым узроўні сепаратыстам не паведамляюць аб сапраўдных планах.

Ён нагадаў, што менавіта пасля падзення малайзійскага самалёту кіраўнік адной з тэрарыстычных групаў Ігар Безлер быў выкліканы ў Маскву. І СБУ патрабуе даць магчымасць дапытаць людзей, якія яго выклікалі.

Ён таксама нагадаў аб намерах Ігара Гіркіна (Стралкова) падрываць жылыя дамы.

«Калі гэта не спрацавала, адзін тэракт павінен быў быць заменены на іншы», — сказаў Налівайчанка.

www.svaboda.org