Сенат ЗША ўсклаў віну за забойства Хашогі на саудаўскага кронпрынца
Пасля забойства журналіста Хашогі, прэзідэнт ЗША Трамп, насуперак высновам ЦРУ, адмовіўся ўскласці адказнасць на прынца Сальмана. Сенатары дэманстратыўна падтрымалі рэзалюцыю з абвінавачваннямі на адрас саудаўскага кронпрынца.
Сенат ЗША, дзе большасць складаюць сябры Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа, дэманстратыўна адмежаваўся ад палітыкі амерыканскага прэзідэнта ў дачыненні да Саудаўскай Аравіі, піша www.dw.com.
У рэзалюцыі, прынятай увечары ў чацвер, 13 снежня, сенатары ўсклалі адказнасць за забойства журналіста Джамаля Хашогі на наследнага прынца Саудаўскай Аравіі Махамеда бен Сальмана.
У іншай рэзалюцыі сенатары заклікалі ЗША спыніць падтрымку ўмяшання Саудаўскай Аравіі ў грамадзянскую вайну ў Емене. ЗША дзеляцца з саудаўскім каралеўствам разведвальнай інфармацыяй і навучаюць саудаўскіх пілотаў.
Гэта першы выпадак, калі Сенат так відавочна кідае выклік Трампу ў сферы знешняй палітыкі. Дональд Трамп ставіць пад пытанне дачыненне прынца Сальмана да забойства Хашогі, нягледзячы на тое, што ЦРУ з "сярэдняй да высокай ступені верагоднасці" лічыць, што менавіта саудаўскі кронпронц загадаў забіць журналіста на тэрыторыі саудаўскага консульства ў турэцкім Стамбуле.
Трамп не хоча адмаўляцца ад цеснага партнёрства з Саудаўскай Аравіяй, аргументуючы гэта, у прыватнасці, выгадай, якую атрымлівае амерыканская абаронная прамысловасць. Адміністрацыя Трампа таксама сфармавала з Эр-Рыядам сумесны фронт супраць Ірана, які ў грамадзянскай вайне ў Емене аказвае падтрымку шыіцкім паўстанцам-хусітам.
Прынятая Сенатам рэзалюцыя цяпер перадаецца ў Палату прадстаўнікоў, якая, аднак, разгледзіць гэты дакумент не раней за студзень. Акрамя таго, Трамп можа накласці вета на дадзеную рэзалюцыю, таму прыняцце Сенатам гэтага дакумента мае хутчэй сімвалічнае значэнне, адзначае агенцтва AFP.
Паводле www.dw.com