Сірыя: выбух зброевага склада ў жылым доме забраў жыцці 12 дзяцей

Па меншай меры 39 чалавек, у тым ліку 12 дзяцей, загінулі ў выніку выбуху будынка ў горадзе Сармада сірыйскай правінцыі Ідліб.

З-пад абломкаў будынка выцягваюць дзяцей

З-пад абломкаў будынка выцягваюць дзяцей

Горад знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў. Паведамляецца, што ў будынку знаходзіўся склад з боепрыпасамі, які належаў нелегальным гандлярам зброяй.
Па дадзеных цэнтра маніторынгу правоў чалавека ў Сірыі, які базуецца ў Лондане, дзясяткі людзей застаюцца пад заваламі. Карэспандэнт агенцтва "Франс прэс", які знаходзіцца на месцы, паведамляе, што для расчысткі абломкаў задзейнічаны бульдозеры.
На думку ратавальнікаў, колькасць ахвяр будзе расці. Прычыны выбуху пакуль не ўстаноўлены.
Хатем Абу Марван, чалец фарміравання грамадзянскай абароны Ідліба, паведаміў, што ў момант абвалу ў будынку было вельмі шмат людзей. Мяркуючы па ўсім, у доме пражывалі сем'і джыхадзістаў, якія знайшлі ў Ідлібе прытулак.
Паводле ВВС