Сірыйскае сяброўства, кароткае і прагматычнае
Дональд Трамп абвясціў аб вывадзе войскаў з Сірыі і аб перамозе над
Ісламскай Дзяржавай. Што гэта прынясе жыхарам Бліжняга Усходу і якія
высновы варта зрабіць беларусам?
"ІДІЛ пераможаны. Нашыя жаўнеры вяртаюцца дадому" —заявіў Трамп у сваім відэазвароце 19 снежня.
Перш за ўсё, трэба адзначыць што так званая "перамога над ІДІЛ" ужо абвяшчалася Расіяй. Прытым як мінімум тры разы. Праўда, есць нюанс — самой Ісламскай Дзяржаве аб перамозе над ёй паведаміць забыліся. І яны, так і не даведаўшыся аб сваім разгроме, працягваюць ажыццяўляць амаль штодзённыя тэрарыстычныя атакі на байцоў СДС (Сірыйскіх дэмакратычных сіл), на войскі Асада і іх хаўруснікаў. Па розных адзнаках, у пустынях, аазісах і населеных пунктах зараз прысутнічае да 2,5 тыс баевікоў. Пад іхнім кантролем дагэтуль знаходзіцца некалькі населеных пунктаў у правінцый Дэйр эз-Зор.
Так выглядае мапа тэрыторый пад кантролем ісламістаў (чорным), тэрыторыя іх аператыўных дзеянняў (чырвоным) і падтрымкі (карычневым) на кастрычнік:
Калі аб "разгроме ІДІЛ" кажа расійскі ўрад, неаднаразова злоўлены на хлусні, — гэта не навіна. Калі ж пра гэта кажа лідар самай магутнай дзяржавы, ад пазіцыі якой залежыць лёс цэлага рэгіёну, — гэта, як мінімум, выклікае здзіўленне.
У амерыканскай прэсе адразу адразу пачалі з'яўляцца артыкулы, якія ставілі пад пытанне гэтую неабгрунтаваную заяву. Аналагічна выказаліся і многія вайсковыя эксперты краін антыІДІЛаўскай кааліцыі. Міністр абароны ЗША падаў у адстаўку з-за нязгоды з палітыкай Трампа — у тым ліку і з абяцаннем аб вывадзе войскаў.
Зрэшты, пазаўчора і сам Трамп фактычна, абверг свае словы, аб перамозе ІДІЛ, заявіўшы, што зараз "Расія, Іран, Сірыія і многія іншыя не радыя зыходу ЗША [...] таму што зараз яны будуць біцца з ІДІЛ і іншымі, каго яны ненавідзяць, без нас". А пазней дадаў: "Ці хоча ЗША быць паліцэйскім на Бліжнім Усходзе, атрымліваючы нічога акрамя страты лепшых жыццяў і трыліёнаў долараў, абараняючы іншых, хто, амаль заўсёды не адабрае тое, што мы робім? Прыйшоў час ужо і для іншых змагацца".
Гэтая заява аддае нахабнейшым папулізмам — безумоўна, матывы ЗША на Бліжнім Усходзе далёка не такія бескарысныя, але для іх пералічэння і аналізу запатрабаваўся б асобны артыкул. Дастаткова сказаць, што ЗША — краіна прагматычная, і не будзе траціць трыліёны долараў хіба з-за альтруістычнага жадання абараніць кагосьці на другім баку зямлі.
Уяўляецца, такім чынам, што вывад войскаў — яшчэ адзін папулісцкі крок, разлічаны на кароткатэрміновую перспектыву, а менавіта на гэты і, максімум, наступны прэзідэнцкі тэрмін Трампа. І калі ўнутраная аўдыторыя хутчэй за ўсё будзе радая вяртанню 2000 жаўнераў дадому, для ўсяго свету гэты ўчынак будзе выглядаць як мінімум непрыгожа: заварылі кашу і сышлі не давёўшы справу да канца. І як бы зараз не атрымалася, што праз некалькі год пасля вываду кантынгенту ЗША сітуацыя пагоршыцца настолькі, што наступнаму прэзідэнту краіны прыйдзецца ўводзіць войскі ізноў — і на гэты раз ужо не дзве тысячы.
Якімі ж будуць кароткатэрміновыя наступствы для жыхароў рэгіёну? Мяркуецца, што калі вывад войскаў усё ж адбудзецца, ён будзе азначаць падзел Сірыі між двума буйнымі гульцамі: Расіяй (пры падтрымцы Ірану) — з аднаго боку, і Турцыяй — з другога. За першымі: Сірыйскай арабская армія Асада, вайсковы кантынгент РФ, шыіцкія міліцыі, рэгулярныя вайскоўцы Ірану і байцы "Хезбалы".
За другімі: шматлікія ісламісцкія групоўкі, такія як Хайат Тахрыр Аш-Шам, Джейш Фатах Аш-Шам і іншыя, і, вядома, спецпадрзадзеленні самой Турцыі.
Як бачна, на гэтай шахматнай дошцы не застаецца месца трохміліённаму народу які якраз і зыграў вырашальную ролю ў вызваленні ад ІДІЛ вялізарных тэрыторый. Курдам.
СДС — араба-курдская кааліцыя, узброеная і адукаваная амерыканскімі спецыялістамі, з'яўлялася першым хаўруснікам ЗША на зямлі. І яна ж на сёння працягвае несці ледзь не штодзённыя страты ў баі з "разгромленым" ІДІЛам. З вывадам войскаў ЗША "Федэрацыя паўночнай Сірыі" (фактычная аўтаномная рэспубліка курдаў, пабудаваная на ідэалах камуналізма і самакіравання) можа наўпрост перастаць існаваць. Прычына гэтаму — Турцыя. СДС небеспадстаўна ўспрымаюцца Турцыяй як афілят ППК (Працоўнай партыі Курдыстана), якая ўжо 30 год вядзе вайну на незалежнасць і стварэнне адзінага Курдыстана на паўднёвым захадзе Турцыі. Ствараецца парадаксальная сітуацыя: для Турцыі курды — тэрарысты, на якіх яна нападае пры малейшай магчымасці (напачатку 2018 Турцыя правяла аперацыю "Аліўкавая галіна", ліквідаваўшы курдскі кантон Афрын, які наўпрост прымыкаў да сірыйскай мяжы). Для ЗША курды —сябры і саюзнікі. І, нягледзячы на пратэсты Турцыі, Амерыка працягвае дапамагаць курдскім СДС, бо ніхто лепш за іх не б'е ІДІЛ на зямлі.
Чытайце таксама: Курдыстан — жаночая рэвалюцыя
Таму, вядома, планы ЗША па вываду вайсковага кантынгента сур'ёзна напружылі СДС. Яны выпусцілі адмысловую заяву, у якой заявілі, што гэты крок дасць ІДІЛ новыя магчымасці вярнуць сабе страчаныя сілы.
Зрэшты, амерыканцы ўжо саступілі сваім саюзнікам па НАТА кантон Афрын і не сталі замінаць Турцыі праводзіць аперацыю Аліўкавая галіна. І зараз, выглядае на тое, могуць ізноў пакінуць курдаў "на з'яздзенне" другой па колькасці арміі краіны НАТА. А разам з імі з'едзеная будзе і мара курдаў аб мірным і спакойным жыцці на сваёй зямлі, пад сваім сцягам, са сваёй мовай і этнічнай назвай. Націск моцнай імперыялістычнай дзяржвы адсуне гэтую мару на доўгія гады, такім чынам ізноў спраўдзіўшы папулярную курдскую прымаўку: "у курдаў есць толькі адзін хаўруснік — горы".
Якія ж высновы з гэтага варта зрабіць беларусам? За 25 год жыцця пры дыктатуры многія ў сваім змаганні прывыклі чакаць паратунку звонку: пераважна з Захаду, а некаторыя і з Усходу. Аднак мара аб добрых замежніках, якім есць да нас справа, ушчэнт разбіваецца аб курдскі прыклад. У "сільных гэтага свету" ёсць толькі свае інтарэсы. І мы цікавім іх толькі да таго часу, пакуль нас можна ў гэтых інтарэсах скарыстаць. А гэта значыць, што варта запомніць — разлічваць нам трэба толькі на саміх сябе. Калі зробім гэты прынцып сваім імператывам, то і ніякія расчараванні ва ўчорашніх "сябрах" нас не насцігнуць. А будзе нашым адзіным хаўруснікам багна, лес, альбо вуліцы гораду — ужо не так важна.