Сербія. Загадка ўдавы Ціта

На 89-м годзе жыцця памерла Ёванка Броц — жонка Ёсіфа Броз Ціта (памёр 33 гады таму). Навіна, як і трэба было чакаць, выклікала новую хвалю настальгіі па часах Югаславіі і дэбаты вакол фігуры таварыша Ёванкі.



e03c673f_5327_46dc_a909_e3419d97d74c_w640_r1_s.jpg

У 1952 годзе яна, 24-гадовая маладая камуністка і былая партызанка, выйшла замуж за Ціта (гэта быў яго трэці шлюб). Тады на двары быў час канфрантацыі Масквы і Бялграда. Магчыма, таму Ціта вырашыў парушыць прынятыя ў Маскве нормы паводзін жонак вышэйшых чыноўнікаў. Ён дэманстратыўна дазволіў таварышу Ёванцы паводзіць сябе як «першай лэдзі». Ёванка сапраўды мела шарм, які вельмі спадабаўся на Захадзе, дзе пасля яе візітаў нават узнік тэрмін «югаслаўская ўсмешка».

Аднак у 1970-я гады Ціта і Ёванка фактычна разышліся, хаця фармальна захавалі шлюб. Разрыву папярэднічала амаль шпіёнская гісторыя, калі Ёванку падазравалі ў працы на КДБ, што, быццам, планавала дзяржаўны пераварот у Бялградзе. Гэта гісторыя дасюль вельмі не зразумелая. Перад смерцю Ёванка паспела даць інтэрв’ю, у якім распавяла, што ледзь не з пісталетам абараняла свайго мужа ад спецслужбаў, якія марылі яго забіць. Быццам, у адказ на гэта яны скампраметавалі яе ў вачах Ёсіфа.

Гісторыкі скептычна ўспрынялі гэтую споведзь, аднак публіцы, здаецца, яна спадабалася. Праводзіць таварыша Ёванку ў апошні шлях прыйшлі некалькі тысяч чалавек.

Паводле нямецкай прэсы