Славенія. Паліць — дапамагаць камунізму

Младэн Долар — славенскі псіхааналітык і філосаф, які працуе разам з адным з самых вядомых сучасных фрэйда-марксісцкіх філосафаў Славоем Жыжэкам, — заклікаў камуністаў усіх краін падтрымаць рух курыльшчыкаў.



6_2_.jpg

Па-першае, на яго думку, курыльшчыкі з-за маштабнай антытабачнай кампаніі становяцца такімі ж ізгоямі, як чарнаскурыя ў Паўднёвай Афрыцы ў часы апартэіду або яўрэі ў гітлераўскай Германіі.

У дадатак сярод аматараў цыгарак узнікае пачуццё салідарнасці. «Курэнне — гэта кароткачасовае задавальненне, якое патрабуе прыняцця рашэнняў непасрэдна ў дадзены момант, яго нельга адсунуць куды-небудзь у няпэўна далёкую будучыню. Два курца — гэтага ўжо дастаткова для фарміравання камуністычнай ячэйкі. Гэта партыя, якая імгненна разбурае іерархічныя бар’еры — трэба толькі чыркнуць запальнічкай», — піша Младэн.

Філосаф таксама аналізуе з класавых пазіцый такую сацыяльную з’яву, як перакур. Паводле яго слоў, «перакур — гэта час, калі ты вольны ад патрабаванняў і абавязкаў, якія пануюць над табой на працоўным месцы. Перакур — гэта пераважна сацыяльны акт — курэнне ў адзіноце не дае таго ж эфекту».

Артыкул Долара перадрукавалі шматлікія левыя выданні, аднак, падаецца, самі левыя партыі пакуль не збіраюцца абараняць курыльшчыкаў. Магчыма, таму, што гэта будзе значыць падтрымку табачных кампаній.

Паводле нямецкай прэсы