Сотні людзей выйшлі на акцыю ў сталіцы Малдовы

У цэнтры Кішынёва на плошчы Вялікага Нацыянальнага сходу праходзіць акцыя пратэсту з патрабаваннем аб адмене вынікаў другога тура прэзідэнцкіх выбараў, паведамляе Інтэрфакс.

Ігар Дадон, rtr.md

Ігар Дадон, rtr.md


Адзін з арганізатараў акцыі, лідар моладзевай арганізацыі «Tinerii Moldovei» («Моладзь Малдовы») Улад Білецкі падкрэсліў, што маніфестанты «выйшлі на плошчу па закліку сэрца, а не па ўказанні палітыкаў». Яны патрабуюць адмены вынікаў другога тура галасавання і правядзення паўторнага галасавання.
Удзельнікі акцыі лічаць, што другі тур выбараў прэзідэнта быў сфальсіфікаваны. Яны патрабуюць адстаўкі кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама і міністра замежных спраў, якія, на думку пратэстуючых, не стварылі ўмовы для галасавання малдаўскіх грамадзян за мяжой. Яны скандуюць «Далоў фальсіфікацыю!», «Мы хочам мець будучыню!», «Нам патрэбны еўрапейскі прэзідэнт!», «Майя Санду — прэзідэнт!», «Далоў Дадона!» і г.д.Яны таксама скандуюць лозунгі за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй.
Паводле звестак арганізатараў, у акцыі бяруць удзел некалькі соцень чалавек. Сярод іх, у асноўным маладыя людзі, студэнты. Палітыкі не ўдзельнічаюць у маніфэстацыі.
Напярэдадні адзіны кандыдат ад правых праеўрапейскіх партый Майя Санду адмежавалася ад пратэстоўцаў і прыхільнікаў аб'яднання з Румыніяй. Яна заявіла, што будзе адстойваць справядлівасць у судовых інстанцыях.Акцыя арганізавана моладзевымі арганізацыямі «Гонар, годнасць і Радзіма» і «Моладзь Малдовы», якія выступаюць за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй. Пратэст на плошчы праходзіць мірна, некалькі дзясяткаў паліцэйскіх сочаць за выкананнем парадку, але не ўмешваюцца ў іх дзеянні.
Як паведамлялася, у другім туры выбараў прэзідэнта Малдовы, які адбыўся 13 лістапада, перамогу атрымаў кандыдат ад Партыі сацыялістаў Ігар Дадон. Ён атрымаў 52,11% галасоў выбаршчыкаў, у той час як М.Санду - 47,89%. М.Санду лічыць вынікі выбараў сфальсіфікаванымі і спрабуе аспрэчыць іх у судовым парадку. Між тым Цэнтральная выбарчая камісія ў пятніцу апублікавала афіцыйныя вынікі выбараў. У панядзелак яны будуць перададзеныя для зацвярджэння ў Канстытуцыйны суд.