Сотні мусульман пікетавалі амбасаду М'янмы ў Маскве
Каля амбасады М'янмы ў цэнтры Масквы завяршылася акцыя мусульман, якія пратэставалі супраць прыгнёту іх адзінаверцаў ў гэтай азіяцкай краіне.
Як паведамляў з месца падзей карэспандэнт Рускай службы Бі-бі-сі, у акцыі прымалі ўдзел каля 500 чалавек; на Вялікай Нікіцкай вуліцы быў цалкам перакрыты рух транспарту, на месцы дзяжурыла мноства супрацоўнікаў паліцыі, у тым ліку АМАП.
Па словах нашага карэспандэнта, многія з тых, хто сабраўся паводзілі сябе узбуджана, аднак у цэлым акцыя праходзіла мірна, сутыкненняў паміж мітынгоўцамі і паліцыяй не адзначана. Выступленні ўдзельнікаў мітынгу суправаджаліся воклічамі «Алаху Акбар!»
Адзін з удзельнікаў акцыі паведаміў Рускай службе Бі-бі-сі, што пра заклік прыходзіць да амбасады М'янмы ён даведаўся з паста кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава ў «Інстаграме». Паводле яго слоў, ён і астатнія прысутныя пратэстуюць супраць забойстваў мусульман у М'янме (таксама вядомай як Бірма).
Раней паведамлялася, што ў М'янме былі спалены некалькі соцень дамоў мясцовых мусульман у штаце Ракхайн.
Афіцыйныя ўлады М'янмы паведамляюць, што сілы бяспекі праводзяць у гэтым раёне контртэрарыстычную аперацыю ў адказ на напады узброеных груп мусульман-рохінджа на паліцэйскія ўчасткі.
Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала спадарожнікавую фатаграфію адной з вёсак рохінджа, якая была амаль цалкам знішчана 25 жніўня гэтага года — мяркуючы па здымку, было разбурана каля 700 дамоў.
Пасля пачатку канфлікту паміж будыстамі, якія складаюць большасць насельніцтва краіны, і мусульманамі-рохінджа ў 2012 годзе апошнія масава бягуць у Тайланд і Малайзію.
Ракхайн — самы бедны рэгіён М'янмы, дзе пражываюць каля мільёна мусульман-рохінджа. Па дадзеных ААН, толькі ў гэтым годзе ў суседні Бангладэш пераправілася ўжо каля 58 тыс. бежанцаў з М'янмы.
Паводле bbc.com