Спарадкаванасць, стыль, скандынаўскі клопат. Дзівосныя вынаходствы, што нарадзіліся ў Нарвегіі
На гэтых выходных сваё Нацыянальнае свята адзначае Нарвегія — адна з сусветных дзяржаў-лідарак па ўзроўні жыцця, заробкаў, задаволенасці грамадзян, бяспецы і дзясятках іншых паказчыкаў. Безумоўна, такія камфортныя ўмовы паспрыялі ўстойліваму развіццю тэхналогій, якія распаўсюдзіліся па зямным шары. Распавядаем пра цікавыя вынаходствы «Made in Norway»!

Осла. Фота: Visit Norway
Нарвежская сістэма збору пустых бутэлек Panteordningen for flasker
Хаця патэнт на аўтамат для здачы тары быў выдадзены ў Злучаных Штатах яшчэ ў 1920 годзе, радзімай сапраўднага дзеючага апарата з’яўляецца Нарвегія.
Здаваць шкляныя бутэлькі ў скандынаўскай дзяржаве пачалі ў самым пачатку XX стагоддзя — яшчэ да індустрыялізацыі многіх еўрапейскіх краін. А ў 1972 годзе браты Петэр і Турэ Планке вынайшлі аўтамат для збору пустых бутэлек Flaskepantautomaten, здольны счытваць тып бутэлькі. Унесеная ёмістасць аўтаматычна перакладалася з прыёмнага адсека ва ўнутраны бокс прылады. Там яна прасавалася, за выключэннем шкляной тары, і захоўвалася да напаўнення кантэйнера, а карыстальніку як правіла выдаваўся купон са зніжкай на новыя пакупкі ў краме.

Flaskepantautomaten у Нарвегіі
Агулам, сучасныя аўтаматы дзейнічаюць па дакладна такім жа прынцыпе: адзінае, у некаторых краінах з’явілася магчымасць вяртання сродкаў на банкаўскую картку, а таксама павялічваецца асартымент тары, якую дазволена здаваць. У базавым наборы гэта шкляныя і ПЭТ-бутэлькі ды бляшаныя банкі з-пад напояў. Сёння Flaskepantautomaten вядомы як фантамат у англамоўных дзяржавах і тарамат ва Усходняй Еўропе.
З адкрытых крыніц вядома, што ў 2005 годзе ў Нарвегіі было вернута 93% усіх набытых бутэлек — гэта надзвычай моцны паказчык, як для перыяду 20-гадовай даўнасці. Нават цяпер, пасля распаўсюджання вынаходства па Еўразвязе, такога рэзультату дасягаюць лічаныя краіны.
Дзве-тры дадатковыя нарвежскія кроны ў залежнасці ад памеру бутэлькі робяць напоі прыкметна даражэйшымі, што матывуе жыхароў абыякавых пластоў насельніцтва ставіцца да вяртання тары больш ахвотна. Прыклад прымянення нарвежскага досведу — суседняя Літва, што стала адной з еўрапейскіх лідарак па здачы тары (звыш за 90% набытага матэрыялу) дзякуючы эфектыўнаму павышэнню свядомасці грамадства. У Нарвегіі ж станам на 2024 год вяртаецца больш за 98% бутэлек і бляшаначак.

Тарамат у Літве
Пры жаданні нарвежац можа ахвяраваць дэпазіт за свае бутэлькі на дабрачыннасць, прычым у дадатак тарамат прапануе шанец выйграць вялікую суму грошай у латарэі. Каб прыняць удзел, трэба націснуць кнопку на аўтамаце, які ахвяруе агульную суму. Калі карыстальнік выйграў, аўтамат раздрукуе чэк. Згодна з афіцыйным сайтам сеткі тараматаў, за апошнія два месяцы два грамадзяніна выйгралі па 1 мільёну нарвежскіх крон (каля 86 тысяч еўра), а агульная сума сродкаў, ахвяраваных супольствам, склала амаль 67 мільёнаў еўра.
Што да Беларусі, падобныя тараматы пачалі ўсталёўваць у крамах толькі сёлета. І, варта адзначыць, іх з’яўленне не суправаджаецца нейкай дзяржаўнай праграмай па перапрацоўцы смецця — гэта ўсяго лакальная, накіраваная на ўжо свядомую частку насельніцтва ініцыятыва сетак крам. Можна канстатаваць факт, што ў Беларусі з дапамогай тараматаў не вяртаецца і адсотка тары.
Роварны пад'ёмнік Trampe
Пераможца ў намінацыі самых «нарвежскіх» вынаходстваў, што спалучае ў сабе і спарадкаванасць, і стыль, і той самы скандынаўскі клопат да асяроддзя — роварны пад'ёмнік Трампэ.
Вынаходства было прыдумана, выканана і ўсталявана ў 1993 годзе Ярлам Ванвікам. У той час жыхар Транхейма жыў на ўзгорку, адкуль ён штодзень спускаўся да цэнтра горада на ровары за 5 хвілін, а вось назад прыходзілася паднімацца ў чатыры разы даўжэй, што прымусіла яго паразважаць над вырашэннем праблемы.

Роварны пад’ёмнік Trampe
Цяпер гэта адзіная, унікальная каляіна такога «транспарту» ў свеце.
Паводле стваральніка, кошт устаноўкі аднаго метра сістэмы пад'ёмніка быў сувымерны з метрам звычайнай гарадской веласцежкі. Больш за тое, за гэтую цану ён яшчэ і падаграваецца, што асабліва актуальна для суровых нарвежскіх зім. Механіка работы занадта простая: правая нага раварыста ставіцца на платформу пад'ёмніка, а левая — застаецца на педалі. Пасля націску кнопкі «Пуск» платформа пачынае рухацца наперад, і колы коцяцца ўверх дзякуючы ўпору нагі.

Trampe — папулярная сярод турыстаў славутасць Транхейма
Карыстацца роварным дапаможнікам можна бясплатна. Да 2013 года для ўключэння пад'ёмніка неабходна было набыць спецыяльную картку з «падпіскай» коштам у 100 нарвежскіх крон (цяпер каля 8 еўра).
Хаця эфектыўнасць вынаходства ацэньваецца даволі высока, сыходзячы з таго, што 71% апытаных адзначаюць, што карыстацца пад'ёмнікам лёгка ці вельмі лёгка, Трампэ не распаўсюдзіўся ні па Транхейму, ні па Нарвегіі, ні па свеце.
Сашчэпка
Нарвежская спарадкаванасць і далікатнае стаўленне да жыцця, у тым ліку і да працы — істотны матыў, каб інструмент для акуратнага захоўвання дакументаў быў вынайдзены менавіта ў гэтай краіне!
Канцылярская сашчэпка была запатэнтавана ў 1899 годзе некалькімі вынаходнікамі, сярод якіх асабліва вылучыўся нарвежац Юхан Волер. Звыклая нам сашчэпка выглядае крыху інакш — яна была прадстаўлена брытанскай кампаніяй «The Gem Manufacturing Company» пазней. Насуперак, мацаванне, прыдуманае Волерам, не стала такім папулярным у свеце, але для местачкоўцаў вынаходства набыла асаблівае значэнне.

Юхан Волер
Сашчэпка ў Нарвегіі мае надзвычайную сілу і з'яўляецца сімвалам нацыянальнага адзінства. У 1940 годзе, падчас акупацыі Нарвегіі нямецкімі войскамі, мясцовым служачым было забаронена насіць гузікі з выявай або ініцыяламі караля Нарвегіі. У якасці сімвалу супраціву яны сталі прымацоўваць да вопраткі нарвежскія сашчэпкі, каб падкрэсліць сваю прыхільнасць нацыянальным традыцыям. Вельмі цікавае падабенства з гэтым сімвалам мы можам назіраць і сёння — жоўтыя стужкі на акупаванай расійцамі тэрыторыі Украіны, якія падкрэсліваюць жаданне вызвалення і нянавісці да захопнікаў.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны сашчэпка ў Нарвегіі стала прадметам асаблівага гонару, а ў лютым 1990 года ў Осла быў усталяваны помнік у выглядзе велізарнай сашчэпкі вышынёй 5 метраў. Так аўтар інсталяцыі Яр Эрыс Полсан павіншаваў горад са 100-годдзем вынаходкі сашчэпкі і ўвекавечыў прадмет нацыянальнага гонару Нарвегіі.

Нарвежская марка з сашчэпкай