Суд у Маскве завочна арыштаваў Сяргея Кароткіх, датычнага да «Беларускага дома ва Украіне»
Басманны раённы суд Масквы задаволіў хадайніцтва Следчага камітэту Расіі аб завочным арышце Сяргея Кароткіх, вядомага ў Беларусі сваім удзелам у беларускім аддзяленні арганізацыі РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства), а пазней — ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне «Азоў», створаным у 2014 годзе для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Пра гэта піша «Радыё Свабода».
Сяргею Кароткіх інкрымінуюць артыкул «Забойства дзвюх або больш асобаў, учыненае групай паводле папярэдняй змовы або арганізаванай групай, з матываў палітычнай, ідэалагічнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы».
Іншых дэталяў справы не ўдакладняюць, а адпаведную пастанову аб арышце, як адзначаецца на сайце судоў агульнай юрысдыкцыі Масквы, публікаваць забаронена.
Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расіі, суд можа разглядаць пытанне аб арышце падазраванага толькі ў яго прысутнасці. У той жа час расійскае заканадаўства дазваляе завочна ўхваляць рашэнне аб узяцці пад варту ў выпадку абвяшчэння падазраванага ў міжнародны ці міждзяржаўны вышук.
Сяргей Кароткіх назваў абвінавачанні ў Расіі фэйкам і падкрэсліў, што «любое незалежнае агенцтва расследаванняў усе гэтыя фэйкі раскрые „на раз“».
У 2014 годзе Сяргей Кароткіх атрымаў грамадзянства Украіны. Апошнім часам яго імя зноў з'явілася ў інфармацыйнай прасторы ў сувязі з датычнасцю да грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне», фармальнага кіраўніка якога Віталя Шышова 3 жніўня знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне на ўскраіне Кіева.