Суіцыд як здрада сацыялізму. Дыктатары ў карыкатурах «Новага Часу»: Кім Чэн Ын

«Новы Час» распачынае новую рубрыку «Дыктатары ў карыкатурах тыдня». Яе першым героем стаў паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын, які днямі забараніў суайчыннікам накладваць на сябе рукі.

kim_czen_yn_karykatura.png

Дыктатары ў карыкатурах "Новага Часу": Кім Чэн Ын

Паўночная Карэя — краіна, якая даўно здзіўляе ўвесь свет вялікай колькасцю дзеючых там забаронаў.

У КНДР забаронена слухаць замежную музыку, а таксама глядзець замежныя фільмы і чытаць кнігі. Тут нельга свабодна перамяшчацца: каб паехаць з аднаго горада ў іншы, трэба атрымаць спецыяльны дазвол (што таксама не зусім проста). Тубыльцам забаронена мець асабістую машыну. Строгае пакаранне чакае тых, хто носіць сінія джынсы. Чамусьці насіць чорныя джынсы не забаронена.

Гэта яшчэ не ўсё. Паўночнакарэйцам нельга рабіць арыгінальную стрыжку. Можна толькі адну з 28 мадэляў, што ўваходзяць у спіс, уласнаручна складзены кіраўніком дзяржавы Кім Чэн Ынам.

Журналістам забаронена рабіць памылкі друку. Прафесія журналіста лічыцца ў Паўночнай Карэі вельмі адказнай, бо за абдрукоўку ў тэксце газеты можна не толькі страціць працу, але і трапіць у турму. Нарэшце, Паўночная Карэя з'яўляецца краінай, дзе чамусьці забаронена прадаваць у крамах газіроўку.

І вось новая забарона. «Радыё Свабодная Азія» праінфармавала, што паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын выдаў сакрэтны загад аб забароне самагубстваў у краіне. Паводле паведамлення, дыктатар загадаў разглядаць акт самагубства як «здраду сацыялізму».

На думку экспертаў, такая мера выклікана сумнай статыстыкай. Напрыканцы мая Нацыянальная разведвальная служба Паўднёвай Карэі паведаміла, што колькасць самагубстваў у КНДР за апошні год вырасла прыкладна на 40%. Лічыцца, што галоўнай прычынай каскаду самагубстваў стала цяжкае эканамічнае становішча — наступства эпідэміі.

У загадзе Кім Чэн Ына таксама падкрэсліваецца, што чыноўнікі мясцовых органаў улады мусяць узяць на сябе адказнасць за прадухіленне самагубстваў у сваіх раёнах. Аднак, думаецца, тлумачальнай працай справа не абмяжуецца. Без запалохвання насельніцтва таксама не абыдзецца.