Супраць Навальнага распачата крымінальная справа за махлярства

Следчы камітэт РФ распачаў справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры (ч.4 арт. 159 КК) супраць расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага і «іншых асоб». Аб гэтым паведамляецца на сайце ведамства.

web_navalny_1_1070x601.jpg


Паводле версіі следства «Фонд барацьбы з карупцыяй», «Фонд падтрымкі сродкаў масавай інфармацыі "Пяты час года"», «Фонд арганізацыі і каардынацыі абароны правоў грамадзян» і шэраг іншых арганізацый сабралі з фізічных асоб больш за 588 млн рублёў у якасці ахвяраванняў. Сродкі прызначаліся для фондаў.
СК сцвярджае, што Навальны, «дзейнічаючы сумесна з іншымі асобамі», выдаткаваў з гэтай сумы на асабістыя мэты больш за 356 млн рублёў. У якасці іх ведамства прыводзіць набыццё асабістай маёмасці, матэрыяльных каштоўнасцяў і аплату выдаткаў, напрыклад, адпачынку за мяжой. Аб іншых фігурантах СК не паведаміў.
Напярэдадні ў Федэральнай службе выканання пакаранняў прыгразілі Навальнаму заменай умоўнага тэрміну на рэальны па справе «Іў Рашэ». ФСВП патрабавала ад палітыка з'явіцца 29 снежня «для рэгістрацыі», спасылаючыся на артыкул у медыцынскім часопісе The Lancet, напісаны на аснове матэрыялаў Берлінскай клінікі Charite. З яе нібыта вынікае, што Навальны ўжо акрыяў ад наступстваў «сваёй хваробы».
Паводле novayagazeta.ru