Сусветныя цікавосткі: Генацыд катоў, смерць падпольшчыцы, сепаратысты супраць сепаратыстаў

У Вялікабрытаніі ледзь не зладзілі генацыд катоў, у ЗША памерла апошняя падпольшчыца, змова супраць ежы з насякомых і сушы-тэрарызм у Японіі. Прапануем вам традыцыйны агляд кур'ёзных навін з усяго свету.

fota_anastasii_rubanavaj__3___1__logo.jpg

Забіць усіх катоў!

Брытанцы любяць жартаваць, што менавіта яны прыдумалі катоў. Тым больш дзіўнай падаецца гісторыя, згаданая былым міністрам аховы здароўя Джэймсам Бетэлам. Днямі ён прызнаўся, што ў першыя дні пандэміі каронавіруса ўрад Вялікабрытаніі быў гатовы заклікаць грамадзян да забойства ўсіх хатніх катоў, каб спыніць распаўсюджванне віруса. Па словах Джэймса Бетэла, на той момант было незразумела, ці могуць хатнія коткі перадаваць каронавірус. Падазрэнні на гэты конт узніклі праз тое, што котка сіямскай пароды стала першай вядомай жывёлай у Вялікабрытаніі, якая заразілася гэтай хваробай. На шчасце, абышліся больш гуманнымі мерамі. У ліпені 2020 года ўладальнікаў катоў папярэдзілі, каб яны не цалавалі сваіх гадаванцаў і вельмі добра дбалі пра асабістую гігіену. Застаецца дадаць, што калі б каціны генацыд на Альбіёне ў 2020-м адбыўся, то гэта была бы другая агульнанацыянальная разня катоў у Брытаніі. У 1939 годзе, пасля пачатку вайны, па загадзе ўрада ангельцы знішчылі больш за 750 тысяч хатніх жывёл, каб зэканоміць на харчаванні.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Сепаратысты супраць сепаратыстаў

Як вядома, 31 студзеня ў Бруселі адбыўся Форум свабодных народаў пост-Расіі, удзельнікі якога выступілі за «змяненне адміністрацыйнай і тэрытарыяльнай структуры постпуцінскай Расіі». Для адной часткі дэлегатаў Форума гэта азначае федэралізацыю і нават канфедэралізацыю РФ, а для другой — стварэнне на яе месцы шэрагу новых незалежных дзяржаў. Падчас правядзення Форуму было агучана прыкладна 30 ініцыятыў наконт заснавання новых дзяржаўных утварэнняў.
Не паспеў Форум скончыцца, як унутры яго пачаліся першыя канфлікты. На днях палаяліся прадстаўнікі «Інгрыі» (тэрыторыя вакол Пецярбурга) і рэспублікі Залессе, якая павінна паўстаць пасля развалу РФ вакол Масквы. На пляцоўцы Форуму свабодных народаў пост-Расіі прадстаўнікі «Інгрыі» выступілі з ультыматумам у дачыненні да «залесцаў». Залессе павінна прызнаць, што ўзбекская мова на лацінцы стане яе другой дзяржаўнай мовай. Патрабаванне было абгрунтавана неабходнасцю «збіць з рускіх лібералаў імперскую пыху». «Залесцы» ў адказ здзекліва запатрабавалі ад «інгрыйцаў» прызнаць другой дзяржаўнай мовай клінгонскую — выдуманую мову з серыяла «Star Track».
Хоць на гэтым канфлікт вычарпаўся, ён стаў падставай для шэрагу каментароў. Падаецца, пошук новай нацыянальнай ідэнтычнасці для шэрагу ўдзельнікаў Форуму — гэта ўсяго гульня. З іншага боку, спецслужбы могуць ужо цяпер правакаваць тэрытарыяльныя і этнаканфесійныя прэтэнзіі ў тых, хто выступае за новыя дзяржаўныя адзінкі. Напрыклад, башкірскіх сепаратыстаў лёгка ў сацыяльных сетках пасварыць з татарскімі. Татарскія нацыяналісты лічаць башкіраў татарамі, а башкірскія прэтэндуюць на частку тэрыторыі Татарстана.
Па матэрыялах расійскай прэсы

Памерла апошняя падпольшчыца

10 сакавіка ў ЗША памерла апошняя сяброўка групы «Белая ружа» Траутэ Лафрэнц (Traute Lafrenz). На момант смерці ёй было 103 гады. Траутэ нарадзілася ў Гамбургу ў 1919 годзе, вывучала там медыцыну, затым перайшла ў Мюнхенскі ўніверсітэт. У 1942-м мюнхенскімі студэнтамі была створана група «Белая ружа». Галоўным чынам актывісты групы распаўсюджвалі ўлёткі, у якіх заклікалі да спынення вайны і адраджэння «хрысціянскай і заходняй культуры» як альтэрнатывы нацыянал-сацыялізму. Вельмі хутка гестапа пачало пераслед удзельнікаў групы. У сакавіку 1943 года была арыштавана і Траутэ Лафрэнц. На допытах ёй удалося схаваць сапраўдныя маштабы сваёй дзейнасці ў групе. У выніку яе прыгаварылі толькі да аднаго года пазбаўлення волі за «саўдзел». Аднак падчас далейшага расследавання Лафрэнц была зноў арыштавана і ўтрымлівалася пад вартай у розных турмах. У красавіку 1945 года амерыканскія войскі вызвалілі падпольшчыцу. Пазней яна эмігравала ў ЗША, дзе ў якасці лекара кіравала спецыяльнай школай для ментальна адсталых дзяцей. У 2019 годзе ўзнагароджана Крыжом за заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія 1-й ступені. Застаецца дадаць, што фрау Лафрэнц пашанцавала. Практычна ўвесь актыў «Белай Ружы» быў знішчаны гестапаўцамі.
Па матэрыялах нямецкай прэсы

Не будзем есці насякомых!

Па меры таго, як асцярогі з нагоды пандэміі знікаюць, ультраправыя тэарэтыкі змовы знайшлі новую «назойлівую тэорыю». Нагодай сталі навіны ад кіраўніцтва ЕС. Яшчэ ў 2021 годзе Брусель дазволіў вытворцам прадуктаў харчавання выкарыстоўваць інгрэдыенты з насякомых, паколькі кузуркі — танная, экалагічна чыстая крыніца бялку. У студзені гэтага года ЕС пашырыў спіс, улучыўшы ў яго цвыркуноў і лічынак жукоў. Тут жа ў сацыяльных сетках з'явілася тэма, што кіруючыя эліты прымушаюць людзей есці насякомых не проста так. Меню з насякомых, маўляў, знішчае нацыянальныя традыцыі. У французскіх пабліках ужо з'явіліся заклікі «Мы не будзем есці багеты, якія зроблены з мукі жукоў». Зрэшты, гэта яшчэ дробязь. Ёсць тэорыя, што ўжыванне кузурак уплывае на розум чалавека. Нейкі нямецкі лекар сцвярджае, што ў ежу будуць дадаваць не проста кузурак, а адмысловых генетычна мадыфікаваных кузурак. Іх ужыванне нібыта зменіць геном чалавека. Ці варта казаць, што, паводле гэтай версіі, мадыфікуюць насякомых сатаністы. Каментуючы псіхоз наконт кузурак, спецыялісты сыходзяцца на тым, што ежа з насякомых будзе прабіваць сабе дарогу на рынак не адзін год.
Па матэрыялах брытанскай прэсы

Перамаглі сушы-тэрарыстаў

У апошнія тыдні ў Twitter і TikTok з'явіліся відэа, якія сталі віруснымі ў Японіі. Відэа зафіксавалі наведвальнікаў японскіх сушы-рэстаранаў сеткі «Kura Sushi», якія дэманстратыўна парушаюць правілы гігіены. У адным роліку мы бачым кліента, які лапае сушы на стойцы, перш чым засунуць іх сабе ў рот, а затым п'е соевы соус прама з рыльца агульнай бутэлькі. У іншым наведвальнік плюе на гатовыя сушы.
У выніку «Kura Sushi» была засыпана скаргамі ад кліентаў і ёй прыйшлося правесці інтэнсіўную ўборку. Гэтыя інцыдэнты, хоць і былі адзінкавымі актамі хуліганства, выклікалі велізарны скандал у Японіі, вядомай сваімі строгімі стандартамі гігіены і чысціні. У прэсе і сацыяльных сетках іх тут жа назвалі «сушы-тэрарызмам». У выніку паліцыя пачала дзейнічаць і арыштавала трох чалавек ва ўзросце ад 15 да 21 года. Навошта яны хуліганілі ў сушы-рэстаранах, пакуль невядома, але зразумела, што будучыня ў іх невясёлая. Па артыкуле «Прымусовая перашкода дзелавой актыўнасці» ў японскім Крымінальным кодэксе прадугледжаны вялікія штрафы і турэмны тэрмін да трох гадоў.
Па матэрыялах французскай прэсы