Сусветныя цікавосткі: Дзень баршчу, канец жоўтай прэсы, новае ўбранне для мышы

Ва Украіне збіраюцца адзначаць Дзень баршчу і распавядаць пра яго ўплыў на грамадскае жыццё, жоўтая прэса здае пазіцыі, пагрозы «вырваць язык» за абразу Адама і Евы, навіны з свету мышынай моды — у падборцы свежых кур'ёзаў.  

mycollages__7__4.jpg

Будзе дзень баршчу!

Вытрымцы дэпутатаў украінскай Вярхоўнай Рады можна толькі пазайздросціць. Пакуль уся краіна рыхтуецца супрацьстаяць агрэсіі Пуціна, пікіруе курс грыўны, эвакуююцца дыпламаты, выбраннікі народа працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. У прыватнасці, ідзе праца над тым, каб у календары чырвоных дат з'явілася новае свята — Дзень украінскага баршчу. На мінулым тыдні адпаведны законапраект ухваліў профільны камітэт. Вырашана, што Дзень украінскага баршчу будзе адзначацца штогод у другую суботу верасня.
Падключыліся да справы і дзяржаўныя чыноўнікі. На ўзроўні Кабінета міністраў ужо распрацаваны комплексны план мерапрыемстваў святкавання. У гэты дзень у школах і ВНУ будуць праходзіць тэматычныя мерапрыемствы ў выглядзе лекцый. Дзяржаўным органам на месцах загадаюць арганізаваць дыскусіі «аб феномене баршчу, яго культуралагічнага складніку, працягласці прыгатавання гэтай стравы рознымі пакаленнямі ўкраінцаў і яе ўплыву на грамадскае жыццё». На жаль, пакуль Дзень баршчу рабіць выходным не збіраюцца.

Жоўтая прэса капут?

Як хутка мінае час. Падаецца, толькі ўчора нямецкі канцлер Герхард Шродэр называў вядомы таблоід Bild ледзь не суб'ектам палітычнага працэсу. Выданне з накладам пяць мільёнаў асобнікаў фармавала грамадскую думку і дыктавала сваю волю палітыкам. Апошнія, у тым ліку міністры, баяліся сварыцца з яго рэдакцыяй. Аднак, здаецца, тыя часы прайшлі. На пачатак гэтага года ўпершыню з 1953-га наклад Bild склаў менш за мільён асобнікаў. У прынцыпе, падзенне можна растлумачыць наступам электронных медыя. Для даведкі: у перыяд з 1991 па 2021 год агульны штодзённы наклад нямецкіх СМІ скараціўся з 27,3 да 13,6 млн экзэмпляраў. З іншага боку, некаторыя выданні ў ФРГ наадварот, нягледзячы на ​​распаўсюд інтэрнэту, дэманструюць рост накладаў. Гэта дазваляе некаторым меркаваць, што нямецкі бюргер нарэшце зразумеў, што жоўтая прэса ім маніпулюе, і кінуў яе чытаць. Зрэшты, ёсць і іншая версія. Bild актыўна падтрымліваў і падтрымлівае каранцінныя меры, што не падабаецца ў тым ліку і не надта адукаваным людзям, якія да пачатку пандэміі складалі касцяк чытачоў газеты, а цяпер вырашылі шукаць новую крыніцу інфармацыі.

Рукі прэч ад Адамы і Евы!

Турэцкія ўлады не на жарт вырашылі ваяваць за гонар Адама і Евы. А кансерватыўны прэзідэнт Тайіп Эрдаган нават паабяцаў «вырваць язык» таму, хто кепска кажа пра гэтых біблейскіх персанажаў. Зрэшты, адрасат пагрозы вядомы. Гэта мясцовая поп-зорка Сезэн Аксу, якая ў 2017-м праспявала песню, дзе згадваюцца Адам і Ева як невуцкія людзі. Тады ніхто на гэта ўвагу не звярнуў. Спатрэбілася ажно чатыры гады, каб чыноўнікі раптам убачылі ў гэтай песні знявагу Адама, які ў ісламе лічыцца адным з прарокаў. Гэта і стала фармальнай прычынай кампаніі супраць спявачкі. Зрэшты, каментатары лічаць, што насамрэч Эрдаганам кіруе помста за грамадзянскую пазіцыю Сезэн Аксу. Яна публічна сімпатызуе антыклерыкальнай апазіцыі. Так ці інакш ёй не пазайздросціш. Каля дома спявачкі збіраліся натоўпы фанатыкаў, якія пагражалі ёй смерцю, а ў сацыяльных сетках кансерватары разгарнулі цкаванне артысткі. Нарэшце, турэцкі рэгулятар вяшчання RTÜK прыгразіў аштрафаваць усе музычныя станцыі, якія транслююць песню Аксу.

Штаны для мышы

У гэтым годзе славуты парк Дыснейлэнд у Парыжы святкуе 30-ю гадавіну, што натхніла дырэкцыю кампаніі Disney на забаўную рэформу. Яна тычыцца гардэробу мультыплікацыйнага персанажа Міні Маўс — сяброўкі Мікі Маўса. Вырашана зняць з яе пярэстую сукенку, каб замяніць яе на сіні касцюм са штанамі. Натуральна, змену тлумачаць духам нашага часу, якому характэрна эмансіпацыя жанчын. Сукенка, на думку дырэкцыі, яўна не пасуе актуаліям, паколькі з'яўляецца сімвалам амерыканскіх хатніх гаспадынь. Менавіта інстытут хатніх гаспадынь заўжды крытыкавалі феміністкі. Плануецца, што Міні Маўс з’явіцца на публіцы ў новым строі ўвесну гэтага году. Яшчэ раней яна павіншуе жанчын усяго свету са святам 8 Сакавіка, надзеўшы тэматычную майку. Застаецца дадаць, што касцюм са штанамі для Міні прыдумала і намалявала Стэла Маккартні, 50-гадовая дачка музыканта The Beatles сэра Пола Маккартні.