Сусветныя цікавосткі: Вайна за Брандэнбургскія вароты, ці варта чакаць канца свету праз два гады, юбілей аднаго фэйку
Экалагічныя экстрэмісты ў Германіі абяцаюць, што знакамітыя Брандэнбургскія вароты назаўжды будуць аранжавымі. А ў Вялікабрытаніі ўсур'ёз разглядаюць пагрозы, якія чалавецтву нясе штучны інтэлект. Чарговае трызненне ад былога ўкраінскага палітыка-пуцініста і гадавіна знакамітага фэйка.
Вайна за Брандэнбургскія вароты
Аб'ектам супрацьстаяння ўладаў ФРГ і экалагічных экстрэмістаў з групоўкі «Апошняе пакаленне» нечакана аказаліся Брандэнбургскія вароты — сімвал Берліна. Пачалося ўсё з таго, што эколагі ў знак пратэсту супраць бяздзейнасці ўладаў ФРГ у галіне абароны клімату, распылілі на калоны брамы аранжавую фарбу. Фарба аказалася спецыфічнай, і проста так адмыць калоны не атрымліваецца. У выніку размаляваныя калоны накрылі адмысловымі кампрэсамі, якія ўтрымліваюць растваральнікі, тэарэтычна здольныя растварыць фарбу. Паліцыя спадзяецца, што праз некалькі тыдняў калоны набудуць першапачатковы колер. Аднак наўрад на гэтым гісторыя скончыцца. У сваім апошнім прэс-рэлізе эколагі заявілі, што Брандэнбургскія вароты назаўжды застануцца аранжавымі. «Можаце выкарыстоўваць вогнетушыцелі, вёдры з фарбай або пэндзлі – мы заўсёды будзем фарбаваць Брандэнбургскія вароты ў аранжавы колер», – пішуць радыкалы. Застаецца дадаць, што правая прэса, якая ненавідзіць эколагаў, сцвярджае, што зламыснікі выкарыстоўвалі нерастваральную фарбу, якая асабліва шкодная для навакольнага асяроддзя.
Па матэрыялах нямецкай прэсы
Да глабальнай катастрофы два гады?
Пакуль сусветная супольнасць адсочвае сітуацыю ў гарачых кропках планеты, кшталту Украіны і Палесціны, у свеце фарміруецца новая пагроза. Аб ёй гаворыцца ў сакрэтных дакументах, якія разглядае зараз брытанскі кабмін. Калі верыць таблоідам, у тых дакументах вядзецца пра тое, што тэрарысты ў хуткай будучыні будуць здольныя стварыць з дапамогай штучнага інтэлекту (AI) смяротную хімічную зброю. AІ можа быць выкарыстаны тэрарыстамі для прапаганды, вярбоўкі, планаванні нападаў і распрацоўцы новых тыпаў зброі масавага знішчэння. У асобным урадавым дакуменце гаворыцца, што дэзінфармацыя, якая распаўсюджваецца AІ, можа заахвоціць людзей «прымаць небяспечныя рашэнні, напрыклад, ужываць таксічныя рэчывы ў якасці лекаў». Аўтарамі дакумента робіцца выснова: «Улічваючы значную нявызначанасць у прагназаванні развіцця АІ, няма дастатковых доказаў, каб выключыць, што высокаэфектыўныя будучыя сістэмы АІ не змогуць прадстаўляць экзістэнцыйную пагрозу». Як збіраецца ўрад яго Вялікасці вырашаць праблему — пакуль невядома. Хіба што Рышы Сунак заявіў, што закліча сусветных лідараў прыняць меры, каб забяспечыць грамадзянам душэўны спакой і ўпэўненасць, што і праз два гады яны будуць у бяспецы.
Па матэрыялах брытанскай прэсы
Юбілей аднаго фэйку
Роўна 85 гадоў таму, 1 лістапада 1938-га, мноства амерыканскіх СМІ пісалі пра небывалую паніку, якая ахапіла цэлыя гарады. Усяму віной была, маўляў, радыётрансляцыя адаптацыі кнігі Герберта Уэльса «Вайна светаў» на адной з радыёстанцый. Яе сюжэт аўтар трансляцыі перанёс з Англіі ў правінцыйнае мястэчка ў штаце Нью-Джэрсі, а ход падзей быў прадстаўлены ў выглядзе рэпартажу — тэрміновыя паведамленні рэгіянальных рэпарцёраў аб прызямленні касмічнага карабля, спецыяльныя выпускі навін аб марсіянскай атацы на Нью-Ёрк і інтэрв'ю з навукоўцамі, вайскоўцамі і відавочцамі іншапланетнага нашэсця. Усё было настолькі праўдападобна, што многія нібыта паверылі ў атаку іншапланецян. І толькі праз сто гадоў сталі вядомыя падрабязнасці. Аказалася, што публікацыі наконт панікі былі проста фэйкамі. Гісторыю аб масавай паніцы прыдумалі газеты, каб скампраметаваць канкурэнта ў выглядзе радыё, якое на той час пачало адбіраць рэкламны прыбытак у прэсы. Газетная кампанія супраць радыё, якое, маўляў, правакуе хаос, працягвалася некалькі тыдняў. Пакуль не было абвешчана, што ў дзень эфіру паліцыя не зафіксавала ніякіх беспарадкаў, звязаных з «Вайной светаў». Пасля гэтага ўсе супакоіліся, хаця сам міф пра легендарную пастаноўку, якая выклікала масавую паніку, аказаўся вельмі жывучым.
Па матэрыялах расійскай прэсы
Тэль-Авіў пераязджае ў Адэсу?
Крыніцай гэтай сенсацыі стаў Ігар Ківа — пуцініст, былы дэпутат Вярхоўнай Рады, які пабываў практычна ва ўсіх палітычных лагерах, але ў выніку апынуўся ў эміграцыі. Не так даўно былы дэпутат падзяліўся сенсацыйнай навіной. Ён паведаміў, што ў выпадку паражэння Ізраіля на Блізкім Усходзе трэба чакаць масавага перасялення яўрэяў ва Украіну. І гэта будзе не проста міграцыя, а перадача ізраільцянам па змове з Зяленскім і з амерыканцамі некалькіх украінскіх рэгіёнаў. Напрыклад, некаторых абласцей Цэнтральнай Украіны, дзе яўрэі жылі ў мінулыя стагоддзі і дзе пахаваны іх самыя шаноўныя цадзікі (лідары хасідскіх абшчын). Калі верыць Ківу, таксама разглядаецца варыянт пераносу Ізраілю ў паўднёвыя вобласці. Для разважлівага чалавека размовы аб тым, што «Ізраіль пераедзе ва Украіну» выглядаюць амаль трызненнем. Аднак эксперты паказваюць на тупіковы сцэнар вайны ў Палесціне. Перамога Ізраіля стратэгічна нічога не вырашае, паколькі ўзлаваны мусульманскі свет яшчэ ў больш вялікіх маштабах працягне падтрымку палесцінскага супраціву. А паколькі ў ворагаў Ізраіля значна вырас тэхнічны ўзровень, бяспека краіны зноў будзе пад пагрозай. Усё гэта прывядзе да новай вайны, якая таксама не будзе апошняй. Спыніць крывавы марафон патэнцыйна мог бы «пераезд» Ізраіля ва Украіну, хаця, вядома, гэта выглядае фантастыкай. З іншага боку, прыкладна такой жа недарэчнасцю выглядалі 150 гадоў таму размовы аб магчымым перасяленні яўрэяў у Палесціну і стварэнне там яўрэйскай дзяржавы. Дарэчы дадаць, што ў Кіеве чуткі аб тым, што Адэса будзе сталіцай Ізраіля, разглядаюць як спробы Масквы справакаваць сярод украінцаў антысеміцкія настроі.
Па матэрыялах украінскай прэсы