Сусветныя цікавосткі: Выратаваць птушку ківі, аперацыя «Лебедзь 2.0» і шаўковая армія

Як Новая Зеландыя ратавала птушку — свой нацыянальны сімвал. У Расіі саспеў план «Лебедзь 2.0» — хто галоўны актар? Гастранамічныя нацыяналісты Італіі супраць казурак і не толькі. Чым насамрэч займаецца войска Туркменіі? Пра ўсё гэта — у новым выпуску сусветных цікавостак.

Птушка ківі. Ілюстрацыйная выява. Фота facebook.com/kiwiedu

Птушка ківі. Ілюстрацыйная выява. Фота facebook.com/kiwiedu


Выратаваць птушку ківі

У новазеландцаў свята: яны выратавалі птушку ківі па мянушцы Паора. Гэтая птушка, якая жыве пераважна ў Новай Зеландыі і з'яўляецца нацыянальным сімвалам, нейкім чынам патрапіла ў заапарк у Маямі. Дырэкцыя заапарка вырашыла падзарабіць на прадстаўніку фаўны і дазволіла за дадатковыя грошы гладзіць і фатаграфаваць Паору. Кадры, на якіх турысты выцягваюць з хаткі спалоханую птушку, якая да таго ж у прыродзе вядзе начны лад жыцця, фатаграфуюць і мацаюць, выклікалі ў Новай Зеландыі сапраўдны шок. Тут жа ўзнік грамадзянскі рух пад лозунгам «Ківі — не наша нацыянальная птушка, гэта наша нацыянальнае дзіця». Петыцыя аб выратаванні Паоры хутка сабрала больш за 10 000 подпісаў, і нават прэм'ер-міністр заявіў, што «тое, што яны (амерыканцы) робяць з птушкай, з'яўляецца недарэчным, няправільным, несправядлівым у адносінах да ківі». Заапарк Маямі быў вымушаны папрасіць прабачэння і закрыў праграму Kiwi Encounter. Але многія новазеландцы ўсё роўна не супакоіліся. Яны задаюцца пытаннем: ці павінны ўлады краіны ўвогуле дазваляць замежным заапаркам трымаць ківі?
Камусьці такі ажыятаж можа падасца крыху дзіўным, але варта памятаць, што жывёльны свет Новай Зеландыі вельмі бедны. Мабыць, акрамя кажаноў і птушак ківі тут нікога і няма.
Па матэрыялах новазеландскай прэсы

Вяртанне «генерала Лебедзя»?

Чытачы, напэўна, памятаюць такога арыгінальнага персанажа 90-х як расійскі генерал Аляксандр Лебедзь. Ён атрымаў вядомасць пасля таго, як са сваёй 7-й арміяй прыйшоў на дапамогу Прыднястроўю. Яшчэ больш праславіўся праз удзел у падпісанні мірнай дамовы з чачэнскімі інсургентамі ў 1996-м. На той момант вайна надакучыла шматлікім расейцам. На хвалі папулярнасці Лебедзь заявіў аб прэзідэнцкіх амбіцыях і заняў у першым туры выбараў кіраўніка РФ 1996 года ганаровае трэцяе месца. Але напярэдадні другога туру вайсковец нечакана падтрымаў Ельцына, што ў тым ліку дапамагло апошняму выйграць у камуніста Зюганава.
Паводле расійскіх СМІ, у Крамлі маюць намер паўтарыць трук з Лебедзем на прэзідэнцкіх выбарах 2024-га. Роля генерала — крытыка сістэмы, адводзіцца лідару ПВК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну, які зараз публічна кажа пра недахопы пуцінскай мадэлі. Нядзіўна, што прагаласаваць на выбарах прэзідэнта за Прыгожына, згодна з некаторымі апытаннямі, гатовы пад 40 працэнтаў электарату.

Яўген Прыгожын, скрыншот з відэа

Яўген Прыгожын, скрыншот з відэа

Але да галасавання за Прыгожына наўрад дойдзе. Сэнс праекту Лебедзь 2.0 — разагрэць у народзе цікавасць да выбараў, каб у вырашальны момант зняцца з іх, заклікаўшы галасаваць за Пуціна. Зрэшты, у гэтага сцэнара можа быць шмат апанентаў у самім Крамлі. Звычайна на імітаванне выбарчай канкурэнцыі сістэмныя партыі накшталт камуністаў атрымліваюць свой кавалак бюджэтнага пірага. Калі будзе запушчаны сцэнар з Прыгожыным, запыту на іх паслугі не будзе.
Дарэчы, бум папулярнасці Прыгожына дазволіў некаторым палітолагам нават казаць пра тое, што ў Расеі магчымы італьянскі сцэнар, калі ветэраны, аб’яднаныя ў партыю фашыстаў, пад кіраўніцтвам Мусаліні захапілі ўладу ў краіне.  
Па матэрыялах расійскай прэсы

Гастранамічныя нацыяналісты



960px_bristol_organic_food_festival_2008___parmesan.jpeg

Сыр Пармезан. Ілюстрацыйная выява, фота wikimedia.org
Менавіта так называюць у прэсе групу італьянскіх дэпутатаў Еўрапарламента, якія змагаюцца супраць таго, каб ЕС рэалізавала шэраг харчовых ініцыятыў. А менавіта яны імкнуцца перашкодзіць запуску т. з. Nutri-Score — сістэмы, ужо прынятай у Францыі і Германіі. Сутнасць гэтай сістэмы ў тым, што яна ацэньвае прадукты харчавання па шкале ад «А» (самая карысная) да «Е» (самая небяспечная для здароўя). Літары, з дапамогай якіх пакупнік можа ацаніць карыснасць прадукту, адпаведна павінны быць размешчаны на этыкетцы або ўпакоўцы.
Такая класіфікацыя выклікала абурэнне ў Італіі, бо падобны метад ацэнкі прывёў да таго, што аліўкаваму алею і пармезану былі прысвоены «невысакародныя» C і D (дарэчы, бульба фры атрымала рэйтынг «В»). Рым таксама паўстаў супраць ухвалення ЕС выкарыстання лічынак насякомых у такіх прадуктах, як мука, паколькі італьянская кухня і казуркі несумяшчальныя. «Ежа — адзіны сцяг, які можа падняць нацыянальны гонар. Прыдуманыя традыцыі, злучаныя з ежай, з'яўляюцца асноватворнымі міфамі Італіі. Разбураць кулінарную традыцыю — значыць скажаць італьянскую ідэнтычнасць», — кажа адзін з «гастранамічных нацыяналістаў». Іншыя ў сваю чаргу лічаць гэтую пазіцыю адчайнай спробай кіруючай партыі «Браты Італіі» выратаваць свой рэйтынг за кошт нацыяналістычнага папулізму. І гэта не ў першы раз. Раней чыноўнікаў пачалі штрафаваць за публічнае выкарыстанне слоў англійскага паходжання.
Па матэрыялах італьянскай прэсы

Вайна за шоўк

Практыка, калі вайскоўцы выконваюць нейкія цывільныя працы, дастаткова папулярная ў постсавецкіх краінах. Але, здаецца, найбольш экзатычная місія даручана салдатам у Туркменіі. Тут салдаты тэрміновай службы з гэтага года выводзяць у сваіх гарнізонах лічынак шаўкапрада.

Коканы шаўкапрада. Ілюстрацыйная выява, фота wikimedia.org

Коканы шаўкапрада. Ілюстрацыйная выява, фота wikimedia.org

Тэхніка наступная. Першым чынам патрэбна памяшканне. У ім прыкладна на працягу месяца з яек матыля тутавага шаўкапрада павінны вылупіцца лічынкі, якія вырастуць і загарнуцца ў кокан. У гэты час памяшканне трэба рэгулярна насычаць спецыяльным непрыемным пахам. Таксама ўвесь гэты час у памяшканні павінна быць цёмна. Пасля заканчэння працэдуры неабходна яго санітарная апрацоўка. Занятак, як бачым, вельмі клапотны. Таму звычайныя туркмены не жадаюць гэтым займацца нават за грошы (тым больш, улада шмат грошаў за гэта не дае). У сувязі з адсутнасцю жадаючых займацца вытворчасцю коканаў, прыйшлося адправіць на працоўны шаўкапрадны фронт вайскоўцаў. І, дарэчы, многія туркмены не супраць таго, каб абаронцы радзімы займаліся вырошчваннем коканаў. Справа ў тым, што раней да гэтага занятку ўлады прымусова прыцягвалі школьнікаў і настаўнікаў.
Па матэрыялах туркменскай прэсы