Сусветныя цікавосткі: Закаханы дыктатар, міністэрства па выхаванні патрыётаў
У КНДР кажуць пра таемную сувязь паўночнакарэйскага дыктатара і пазашлюбнае дзіця. У Расіі жартуюць з нагоды ідэі стварыць новае міністэрства, якое будзе спецыялізавацца на патрыятычным выхаванні моладзі. А ў Таджыкістане маладзёны маюць шанец атрымаць стыпендыю, калі добра прачытаюць творы Лідара нацыі. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Дыктатар закахаўся?
Паўночна-карэйская поп-зорка Хён Сон Воль была нядаўна заўважана з Кім Чэн Ынам. Гэта справакавала каскад чутак аб тым, што ў іх таемны раман. Кім Чэн Ын пазнаёміўся з Хён Сон Воль, калі яшчэ вучыўся ў школе ў Швейцарыі, але адносіны сфармаваліся і працягнуліся па іх вяртанні ў Паўночную Карэю. Цяпер стасункі выйшлі на новы ўзровень. Пакінуўшы вядучы жаночы гурт Moranbong Band, Хён Сон Воль зараз працуе ў асабістым сакратарыяце дыктатара. Яна з'яўляецца намеснікам дырэктара дзяржаўнага дэпартамента прапаганды і агітацыі і вымушана працаваць непасрэдна пад кіраўніцтвам Кіма. Ужо пайшлі размовы, што іх адносіны больш за прафесійныя і нават у былой поп-зоркі ёсць дзіця нібыта ад тырана. Пры гэтым ёсць нюанс — гэта дзіця выглядае больш здаровым і моцным, чым сын Кім Чэн Ына ад законнага шлюбу. Дарэчы, менавіта таму сына, народжанага ад жонкі Кіма, хаваюць ад медыяў.
Вось якія інтрыгі ўнутры дома Кімаў. Патэнцыйна гэта можа паўплываць на стабільнасць сістэмы. Справа ў тым, што паводле прэсы Паўднёвай Карэі, бацька і папярэднік Кіма, Кім Чэн Ір, не ўхваляў шлюб сына і спявачкі, і загадаў яму разарваць з ёй кантакты. Але пасля смерці бацькі сын аднавіў адносіны, што наўрад ці спадабаецца партыйным ветэранам, якія нечым абавязаны Кім Чэн Іру.
Па матэрыялах брытанскай прэсы
Ад міністэрства патрыятычнага выхавання да міністэрства праўды — адзін крок
Расійскія ўлады жадаюць стварыць новы дэпартамент — Міністэрства патрыятычнага выхавання. Як пішуць «Ведамасці» са спасылкай на крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзідэнта. «Ідэя ўзнікла пасля таго, як стала зразумела, што няма адзінага органа, які адказвае за патрыятычнае выхаванне. Цяпер частка паўнамоцтваў у Мінабароны, частка ў Мінасветы і частка ў Расмоладзі, а каардынуючай структуры няма». Новае ведамства можа з'явіцца пасля інаўгурацыі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, запланаванай на 7 траўня, і фармавання новай структуры Кабміна. Зрэшты, яшчэ адзін суразмоўца выдання, блізкі да прэзідэнцкай адміністрацыі, падкрэсліў, што пра любыя структурныя змены, тым больш у палітычнай плоскасці, казаць заўчасна. Тым не менш ідэю новага органа актыўна абмяркоўваюць у інтэрнэце. У прыватнасці, удзельнікі палемікі прапануюць міністэрствам патрыятычнага выхавання не абмяжоўвацца. Маўляў, трэба яшчэ міністэрства праўды, міністэрства свету, міністэрства кахання і міністэрства багацця! Ёсць і тыя, хто гатовы прыняць актыўны ўдзел у рэалізацыі. «Магу ў структуры Міністэрства патрыятычнага выхавання ўзяць на сябе кірунак "Прывіццё культуры спажывання спрадвечна рускіх спіртных напояў"», — напісаў адзін «патрыёт».
Па матэрыялах расійскай прэсы
Піва ў добрай кампаніі — і для сэрца добра?
Давід Буэна, каталонскі нейрабіёлаг і аўтар кнігі «Навучай свой мозг» («Educa tu cervell») расказаў у інтэрв'ю мясцовага радыё RAC1 свой рэцэпт, што трэба рабіць, каб трэніраваць мозг і падтрымліваць яго актыўнасць. Нейрабіёлаг прапануе масу варыянтаў. Напрыклад, стымуляцыя дзейнасці мозга можа адбывацца за кошт чытання, паходу ў тэатр і нават штучнай сваркі з сябрамі. Але самы экзатычны метад ад Давіда: як мага часцей піць піва з сябрамі. Давід Буэна сцвярджае літаральна наступнае: «Калі мы п'ем піва з сябрамі і вядзем пры гэтым ажыўленыя дыскусіі, наш мозг увесь час падтрымліваецца ў вельмі актыўным стане, што адназначна ідзе яму на карысць». У гэтым плане яго наступная цытата гучыць проста інтрыгуючы: «Калі вы пачнеце трэніраваць свой мозг, вы ўбачыце амаль неадкладны эфект». Шкада, што колькасці піва, якую трэба выпіць для такога эфекту ў кампаніі, Давід не ўдакладняе.
Па матэрыялах каталонскай прэсы
Хто лепш прачытае тэксты прэзідэнта?
Выканаўчы апарат прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан пачаў выкананне ўказа прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан ад 12 снежня 2023 года. Ён прадугледжвае ў тым ліку правядзенне рэспубліканскага конкурсу «Лепшы чытальнік кніг Лідара нацыі». Конкурс праводзіцца з мэтай «ушанавання слаўнай гісторыі таджыкскага народа, глыбокага і ўсебаковага вывучэння высакародных подзвігаў і дастойнай дзейнасці Заснавальніка міру і нацыянальнага адзінства — Лідара нацыі, Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан паважанага Эмамалі Рахмона», — гаворыцца ў тэксце Палажэння аб Рэспубліканскім конкурсе. Конкурс праводзіцца сярод студэнтаў сярэдніх і вышэйшых прафесійных навучальных устаноў. Ён пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы ў два тура, з мая па кастрычнік 2024 года. Першае месца прысуджаецца ўдзельніку, які прачытаў і асвоіў больш за 90 працэнтаў твораў Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан Эмамалі Рахмона. Задача няпростая. Эмамалі Рахмон ( калі верыць сайту бібліятэкі Таджыкістана) напісаў аж 10 кніжак. Застаецца дадаць, што пераможцу конкурса ўзнагародзяць стыпендыяй.
Па матэрыялах таджыкскай прэсы