Сваякі загінулых з рэйсу MH17 выйгралі суд супраць Гіркіна-Стралкова
У Злучаных Штатах сваякі ахвяраў авіярэйса MH17 выйгралі судовы працэс супраць Ігара Гіркіна (Стралкова), былога лідара прарасійскіх сепаратыстаў ва Украіне.

Фота: Reuters
Гэты выйгрыш дае ім права атрымаць сотні мільёнаў долараў кампенсацыі, перадае Радыё «Свабода» са спасылкай на галандскую тэлевізійную праграму Zembla.
Позву супраць Гіркіна (Стралкова) падалі 25 сваякоў загінулых, у тым ліку 10 галандцаў. Суд у амерыканскім штаце Ілінойс пастанавіў, што кожны сваяк мае права на кампенсацыю ў 20 мільёнаў долараў.
Сам Гіркін, як паведамляецца, на судзе не прысутнічаў, а знайсці яго па хатнім адрасе ў Маскве не ўдалося. Таму верагоднасць, што ён выплаціць кампенсацыю сваякам загінулых, вельмі малая.
Адвакат адной з сямей, якія ўдзельнічалі ў працэсе, патлумачыў, што вялікая сума пазову была заяўленая для таго, «каб праліць святло на страшную трагедыю, якую яны перажылі, і прымусіць свет засяродзіцца на ёй, каб прыцягнуць да адказнасці людзей, такіх як Гіркін».
Нагадаем, што рэйс «Малайзійскіх авіялініяў" пад нумарам MH17 Амстэрдам — Куала-Лумпур быў збіты 17 ліпеня 2014 года на ўсходзе Украіны. Пры гэтым загінулі ўсе 298 чалавек на борце самалёта, у іх ліку было 196 грамадзян Нідэрландаў.
Расследаванні паказваюць, што Boeing 777 быў збіты ракетнай сістэмай «Бук», размешчанай на тэрыторыі, якую кантралявалі прарасійскія сепаратысты. Таксама следчыя адсачылі, што «Бук» быў прывезены з Расіі на кропку запуску, а потым вярнуўся назад.
Паводле euroradio.fm