Шэсці і пікетаванне офіса генпракурора: ва Украіне адзначаюць Дзень Незалежнасці
Сёння, 24 жніўня, ва Украіне святкуюць 29-я ўгодкі незалежнасці. У шматлікіх гарадах праходзяць шэсці.
У Львове прайшоў "Марш няскораных" у гонар украінскіх вайскоўцаў, якія загінулі за незалежную Украіну і абараняюць сваю дзяржаву на Данбасе.
Як паведамляе карэспандэнт украінскай службы Радыё Свабода, у маршы ішлі ўдзельнікі баёў на Данбасе, валанцёры, сваякі загінулых, майданаўцы. "Марш няскораных" прайшоў па вуліцах Львова ад Лічакаўскіх могілак да помніка Шаўчэнку. Яго ўдзельнікі спыніліся ў дарозе каля ваеннага шпіталя, дзе падзякавалі вайскоўцам, павіншавалі іх з Днём Незалежнасці і праспявалі гімн Украіны ў іх гонар.
Удзельнікі маршу правялі невялікую нараду каля помніка Шаўчэнку і накіраваліся ў Гарнізонную царкву, каб памаліцца за тых, каго больш няма, і за тых, хто сёння абараняе незалежнасць Украіны на Данбасе.
24 жніўня каля тысячы жыхароў Дняпра прынялі ўдзел у ініцыяванай грамадскасцю "Хадзе незалежнасці і еднасці ўкраінцаў". Пад гукі ваеннага аркестра яны прайшлі па цэнтральных вуліцах горада — ад абласной дзяржаўнай адміністрацыі да музея АТА.
Удзельнікамі мерапрыемства былі, у прыватнасці, ветэраны ваенных дзеянняў на Данбасе, сваякі загінулых вайскоўцаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Марш узначальвалі салдаты і валанцёры — яны неслі вялікі сіне-жоўты сцяг.
Апранутыя ў вышываныя кашулі, людзі трымалі сцягі, кветкі, галінкі каліны. Яны скандавалі патрыятычныя лозунгі і спявалі ўкраінскія песні.
У Запарожжы Дзень Незалежнасці адзначаўся традыцыйным шэсцем па цэнтры горада. Каля 2000 грамадзян прайшлі па цэнтральным праспекце ад бульвара Шаўчэнкі да плошчы Герояў Рэвалюцыі, спяваючы гімн і скандуючы "Украіна перадусім!". "Слава Украіне! Слава героям!". Шэсце ўзначальвалі бацькі загінулых украінскіх вайскоўцаў і ветэраны вайны на Данбасе.
У Кіеве праходзіць афіцыйнае свята, а таксама "Марш абаронцаў Украіны" і "Марш ветэранаў". Паведамляецца, што частка ўдзельнікаў "Марша абаронцаў Украіны" мае намер пікетаваць усю ноч офіс генеральнага пракурора Украіны з патрабаваннем вызваліць фігурантаў справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета — Андрэя Антоненку, Юлію Кузьменка і Яну Дугар.