Толькі іншапланецян нам і не хапала!

У космасе, быццам, нарэшце знойдзены нашы браты па розуме. Крыніцай сенсацыйнай навіны нечакана стаў Сайман Холанд, рэжысёр фільмаў, якія здымаюцца на базе NASA. На сваім канале ў YouTube ён заявіў, што ў рамках рэалізацыі праграмы Breakthrough Listen удалося выявіць доказы існавання іншапланетнага жыцця.

Чырвоны карлік Проксіма Цэнтаўра, бліжэйшая да Сонца зорка. Здымак тэлескопа Хабла. ESA/Hubble & NASA

Чырвоны карлік Проксіма Цэнтаўра, бліжэйшая да Сонца зорка. Здымак тэлескопа Хабла. ESA/Hubble & NASA

Для інфармацыі: у рамках праекту Breakthrough Listen еўрапейскія астраномы арандавалі магутны радыётэлескоп, з дапамогай якога пачалі паўторна вывучаць пяць аб'ектаў у космасе, перспектыўных на наяўнасць жыцця. 

Адным з іх быў аб'ект, названы BLC-1. Менавіта там у красавіку 2019 года аўстралійскім тэлескопам Parkes на частаце 982 Мгц быў зафіксаваны дзіўны радыёхвалевы сігнал. Сігнал з'явіўся з вобласці вакол Проксімы Цэнтаўра — зоркі, якая знаходзіцца прыкладна ў 4,2 светлавых гадах ад Зямлі.

І вось прарыў, пра які і паведаміў згаданы вышэй Сайман Холанд. Цытата: «Маім інфарматарам з'яўляецца старэйшы адміністратар радыётэлескопа ЕЗ. Ён сказаў, што ў нашай галактыцы выяўлены пазаземны розум». Кіношнік таксама дадаў, што доказы існавання разумнага іншапланетнага жыцця будуць апублікаваны менш як праз месяц.

Аптымізм грунтуецца на тым, што цяпер канчаткова ўстаноўлена прырода гуку з Проксімы Цэнтаўра. Ён мае штучнае паходжанне. «Замест гудзення вадароду і іншых рэчаў, якія выдаюць гукі ў спектры радыётэлескопа, на гэты раз гэта была відавочная невялікая электрамагнітная частата», — сказаў рэжысёр. Паводле яго слоў, яна (электрамагнітная частата «зялёных чалавечкаў») была падобная на «тып частот, якія мы выкарыстоўваем тут, на Зямлі, для звычайных радыёперадач». Рэжысёр падзяліўся яшчэ адной версіяй: гук зыходзіў з «планеты, якая круціцца вакол далёкай зоркі».

Кур'ёзны нюанс маналогу Холанда тычыцца зместу паслання. Мяркуючы па ўсім, іншапланецяне ў сваім паведамленні не казалі нешта накшталт «Прывітанне, браты па розуме, мы тут». Інакш кажучы, гэта была трансляцыя нейкай звычайнай праграмы. Можна нават дапусціць, астраномы выпадкова перахапілі выпуск радыёпраграмы «Песні па замовах радыёслухачоў».

Не абышлося без геапалітыкі (куды ж без яе, роднай, у нашыя дні). Усё той жа Холанд выказаў асцярогі наконт таго, што кітайцы могуць абагнаць Захад ва ўсталяванні кантактаў з «зялёнымі чалавечкамі» з BLC-1 за кошт эксплуатацыі  FAST (пяцісотметровы самы вялікі ў свеце тэлескоп). Кітайцы нібы ўжо пранюхалі каардынаты мэтавага аб'екта еўрапейцаў і ў цяперашні час таксама актыўна яго даследуюць.

Пакуль сенсацыі наконт існавання жыцця ў наваколлях Проксімы Цэнтаўра афіцыйнымі структурамі, кшталту спікераў NASA, не каментуюцца.

Не рэфлексуе нават Альянс за пазаземныя дыпламатычныя кантакты (AEDC) — некамерцыйная міжнародная сетка дыпламатаў, палітыкаў, урадавых чыноўнікаў, экспертаў па пазаземных пытаннях, агульнай мэтай якіх з'яўляецца садзейнічанне пазаземным цывілізацыям у стварэнні дыпламатычных місій на нашай планеце. 

Дарэчы, створаны яшчэ ў 70-х гадах AEDC плануе адкрыць першую амбасаду іншапланецян на Зямлі ў 2030 годзе. Справа засталася за дробяззю — знайсці за астатнія сем гадоў іншапланецян, каб засяліць іх у тое самае пасольства.

Нядзіўна, што заявы ўсё таго ж Холанда выклікалі цікавасць толькі ў рэдакцыях таблоідаў, накшталт New York Post, The Mirror або Daily Star. Зрэшты, нават іх чытацкая аўдыторыя паставілася да тэмы, што мы не адзіныя ў сусвеце, або скепсісам, або з іроніяй.

Скептыкі мяркуюць, што астраномы з праекту Breakthrough Listen проста пачулі сігналы з нейкага даўно запушчанага з Зямлі касмічнага апарата. Апошні з-за паломкі, маўляў, страціў сувязь з цэнтрам, сышоў з зададзенага маршруту, згубіўся недзе ў касмічных глыбінях, працягваючы дагэтуль перадаваць радыёсігналы.

Хахмачы ў сваю чаргу ўпэўненыя, што пасланні іншапланецян маюць прыкладна наступны змест: «Калі вы жадаеце працягнуць нас слухаць, гэта будзе каштаваць 10,99 дол. у месяц з рэкламай і 19,99 дол. у месяц без рэкламы». Іншыя прапануюць, што NASA варта шукаць іншапланецян не ў нетрах космасу, а ў Вашынгтоне, на Пенсільванія Авеню 1600 (адрас рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША).

З’явіліся і канспіратыўныя тэорыі, якія ахвотна агучваюць прыхільнікі Дональда Трампа. Калі верыць трампістам, тэму іншапланецян прасоўваюць паліттэхнолагі са штаба Дэмпартыі. Фішка ў тым, каб 5 лістапада — дзень выбараў прэзідэнта ЗША, зрабіць гучную заяву наконт існавання жыцця ў сусвеце. І тым самым адцягнуць публіку ад паралельных масавых фальсіфікацый вынікаў галасавання на карысць Камалы Харыс — кандыдаткі дэмакратаў.

Падобна, давядзецца чакаць яшчэ месяц, як абяцаў Холанд, калі нам усё, магчыма, раскажуць. А магчыма і не.