Трамп ацаніў сябе як прэзідэнта «на пяць з плюсам»

Трамп ужо займаецца планаваннем кампаніі за сваё перавыбранне ў 2020 годзе, піша «Радыё Свабода»

1500478348.jpg


У момант, калі тэрмін паўнамоцтваў Дональда Трампа набліжаецца да сярэдзіны, ён заявіў, што адносіць сябе да ліку найлепшых амерыканскіх прэзідэнтаў, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Я б паставіў сабе пяцёрку з плюсам, — заявіў Трамп у нядзельным інтэрв’ю тэлекампаніі Fox News. — Ці магу я падняцца вышэй за гэта?»

Пры гэтым у інтэрв’ю, якое запісвалася ў Белым доме ў пятніцу і выйшла ў эфір у нядзелю, прэзідэнт ЗША зрабіў рэдкае для яго прызнанне ў няправільным рашэнні. Ён заявіў, што ў мінулы панядзелак яму варта было б наведаць Арлінгтонскія нацыянальныя могілкі з нагоды Дня ветэранаў, каб аддаць даніну павагі людзям, якія служылі або служаць цяпер у амерыканскіх узброеных сілах.

«Азіраючыся назад, я думаю, што мне варта было б гэта зрабіць», — сказаў Трамп інтэрв’юеру Крысу Уолесу.

Прэзідэнт, які пакуль не наведваў амерыканскія войскі ў зонах канфліктаў за мяжой, таксама сказаў: «Ідзе планаванне некаторых рэчаў. Я гэта зраблю». Пры гэтым ён адмовіўся паведаміць з меркаванняў бяспекі, калі можа адбыцца такі візіт.

На прамежкавых выбарах у Кангрэс 6 лістапада дэмакраты, якія знаходзяцца ў апазіцыі, атрымалі кантроль над Палатай прадстаўнікоў упершыню за восем гадоў. Яны таксама перамаглі на выбарах губернатараў у прамысловых штатах, якія адыгралі важную ролю ў абранні Трампа прэзідэнтам у 2016 годзе.

Нацыянальныя палітычныя апытанні паказваюць, што 52,9 адсотка амерыканцаў не ўхваляюць працу Белага дома Трампа, паводле сайту Real Clear Politics. Пры гэтым толькі 43,3 адсотка ўхваляюць дзейнасць прэзідэнта.

Аднак Трамп не лічыць сябе вінаватым у правалах на выбарах, паколькі ягонага прозвішча ў бюлетэнях не было. Пры гэтым, выступаючы на некалькіх палітычных мітынгах, ён казаў, што выбарнікі павінны былі разглядаць гэтыя выбары як рэферэндум аб ягонай палітыцы і працы ў першыя 22 месяцы прэзідэнцтва.

«Я выйграў Сенат, і гэта таксама гістарычная падзея, — сказаў Трамп. — Гэта велізарная перамога».

Цяпер аднапартыйцы Трампа, рэспубліканцы, маюць большасць (51 месца са 100) у Сенаце, але яны могуць павялічыць яго на два месцы, калі будуць падведзеныя канчатковыя вынікі выбараў двух сенатараў.

Паводле Трампа, рэспубліканцы таксама «атрымалі велізарныя перамогі» на выбарах губернатараў у Джорджыі, Флорыдзе і Агаё, хоць дэмакраты перамаглі на губернатарскіх выбарах у іншых штатах, уключаючы Мічыган і Вісконсін, дзе гэтыя пасады займалі рэспубліканцы.

Што тычыцца паразы на выбарах, Трамп сказаў: «Я не балатаваўся. Майго імя не было ў бюлетэнях. Ёсць людзі, якія не хадзілі галасаваць, таму што мяне не было ў бюлетэнях».

Трамп ужо займаецца планаваннем кампаніі за сваё перавыбранне ў 2020 годзе, у той час як мноства дэмакратаў разважаюць пра тое, ці варта ім дамагацца вылучэння кандыдатам у прэзідэнты ад іх партыі, каб стаць апанентам Трампа.

www.svaboda.org