У Сірыі разбомблены турэцкі гуманітарны канвой, падазраюць расійскую авіяцыю
У выніку нападу загінулі 7 чалавек, не менш за 10 параненыя; знішчаныя 20 грузавых аўтамабіляў.
ghhauto.ru
Мінулай ноччу на поўначы Сірыі разбомблена турэцкая гуманітарная калона. Турэцкія СМІ сцвярджаюць, што ўдар па калоне грузавікоў з гуманітарнай дапамогай для сірыйскіх уцекачоў быў нанесены расійскімі самалётамі, паведамляе Радыё Свабода.
Турэцкая праваабарончая арганізацыя Humanitarian Relief Foundation (IHH) паведаміла пра авіяўдары па калоне грузавікоў з гуманітарнай дапамогай на поўначы Сірыі недалёка ад мяжы з Турцыяй. Гуманітарны груз прызначаўся сірыйскім уцекачам каля горада Аазаз, які знаходзіцца пад кантролем апазіцыйных сілаў.
Паведамленне ў Твітэры суправаджаецца фотаздымкамі, на якіх пажарныя тушаць падпаленыя грузавікі. Дакладнай інфармацыі аб тым, хто нанёс удары, у арганізацыі няма.
У той жа час турэцкае дзяржаўнае агенцтва Anadolu сцвярджае, што авіяўдар быў нанесены расійскімі самалётамі. Паводле дадзеных агенцтва, у выніку нападу загінулі 7 чалавек, не менш за 10 параненыя. Было знішчана 20 грузавых аўтамабіляў. Газета Hurriyet, у сваю чаргу, не выключае, што гэта магла быць і сірыйская авіяцыя.
Заходнія СМІ неаднаразова вінавацілі Расію ў нанясенні авіяўдараў у Сірыі па мэтах, не звязаных з групоўкай «Ісламская дзяржава». У Маскве гэтыя абвінавачванні абвяргаюць.
Тым часам Пентагон вывучае паведамленні пра ўдар па гуманітарнай аўтакалоне ў Сірыі, паведамляе "Голас Амерыкі".
Маніторынгавая арганізацыя выказала здагадку, што аўтакалона ля мяжы Сірыі з Турэччынай патрапіла пад удар расійскай ваеннай авіяцыі.
Прадстаўнік Міністэрства абароны ЗША заявіў, што Пентагон вывучае паведамленні пра паветраны ўдар па аўтакалоне з гуманітарнай дапамогай у раёне сірыйскага горада Аазаз, размешчанага за шэсць кіламетраў ад мяжы з Турцыяй.
Прадстаўнік Пентагону паведаміў, што ўзначаленая ЗША кааліцыя не наносіла ніякіх удараў у гэтым раёне за апошнія суткі. «Мы працягваем назіраць за сітуацыяй, каб высветліць усе акалічнасці гэтага інцыдэнту», — дадаў ён.
Паведамленні пра ўдар па аўтакалоне паступілі праз дзень пасля таго як турэцкія ВПС збілі расійскі знішчальнік. Турэччына сцвярджае, што Су-24 парушыў яе паветраную прастору і ігнараваў неаднаразовыя папярэджанні. Масква настойвае, што самалёт не выходзіў за межы паветранай прасторы Сірыі. Пуцін прыгразіў сур’ёзнымі складанасцямі ў расійска-турэцкіх адносінах.
У сераду Міністэрства абароны Расіі паведаміла, што перакіне зенітныя ракетныя комплексы С-400 на авіябазу базу «Хмэймім» у правінцыі Латакія на паўночным захадзе Сірыі.
Ракеты, якія будуць размешчаныя прыкладна за 50 кіламетраў ад турэцкай мяжы, маюць радыўс дзеяння 400 кіламетраў і даволі высокую дакладнасць.
Прадстаўнік ЗША паведаміў інфармагенцтву AFP, што гэты крок выклікае «значную занепакоенасць» у амерыканскіх вайскоўцаў.
Аднак рашэнне Расіі накіраваць у Сірыю зенітную ракетную сістэму С-400 "Трыўмф" не перашкодзіць амерыканскім ВПС працягнуць там ўласную аперацыю супраць групоўкі "Ісламская дзяржава" (ІД).
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю газеце Air Force Times генерал-лейтэнант Чарльз Браўн, які адказвае за ваенна-паветраныя аперацыі ў Цэнтральным камандаванні (СЕНТКАМ) узброеных сіл ЗША, паведамляе ТАСС.
"Гэта сапраўды крыху ўскладняе сітуацыю, і нам прыйдзецца пра гэта падумаць, але мы працягнем рабіць нашу працу, каб разграміць "ІД", — сказаў ён.