Туркменія. Уся ўлада ўнукам!
Керымгулы Бердымухамедава, 12-гадовага хлопчыка, унука цяперашняга туркменскага прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава, напрыканцы чэрвеня доўга паказвалі па туркменскім тэлебачанні ў кампаніі сусветнай мега-зоркі Джэніфер Лопес.

Тая прыехала на святкаванне 56-й гадавіны туркменскага гаранта. Цяпер усе толькі і кажуць пра тое, што з Керымгулы вырашылі рабіць «нашчадка». Пры гэтым цалкам невядома нават, чый гэта сын.
У Бердымухамедава дзве дачкі і сын. Сын, Сердар, які вывучаў міжнародныя адносіны ў Маскве, у мінулым годзе працаваў у міністэрстве замежных спраў. Кажуць, што старэйшая дачка Гульджахан замужам за чыноўнікам, які працуе ў якасці прадстаўніка туркменскага дзяржаўнага агенцтва па кіраванні і выкарыстанні вуглевадародных рэсурсаў у Еўропе са штаб-кватэрай у Лондане. Пра трэцюю дачку ўвогуле нічога невядома.
Праўда, дэфіцыт інфармацыі пра Керымгулы — не падстава для таго, каб аспрэчваць яго шансы стаць наступным прэзідэнтам. Пра яго дзеда Гурбангулы да абрання на пасаду туркменскага гаранта ніхто таксама нічога дакладнага не ведаў.
Паводле туркменскай прэсы