Тытунёвы джыхад у Ісламскім халіфатце
Ісламскі халіфат вядомы велізарнай колькасьці забаронаў. Аднак, сярод іх ёсць такая, якой джыхадысты найменш хочуць падпарадкоўвацца. Тэму асвятляе штодзёнка “Gazeta Wyborcza”.
Абрубленымі галовамі нікога ў Ісламскім халіфаце не здзівіш. Аднак нядаўняе адкрыццё ў сірыйскім горадзе Аль-Маядын выклікала хвалю наракання. Справа ў тым, што “галава” належала да аднаго з чыноўнікаў Халіфата, а яе знайшлі з цыгарэтай у вуснах. Побач з целам ляжала цыдулка, што курэнне забаронена.
Нараканне мусульман, піша польскае выданне, выклікае той факт, што іслам не забараняе курыць. Зусім іншага меркавання прытрымліваецца Ісламская дзяржава. Кіраўніцтва гэтага руху карае за ўсё, што лічыць грахом. У гэты спіс уваходзіць піццё алкаголю, чужалоства, слуханне папулярнай музыкі ды брыдкаслоўе. Што тычыцца курэння, то фундаменталісты лічаць, што гэта “павольнае самагубства”, то бок грэх.
На тэрыторыях, захопленых баевікамі руху, забаронена продаж тытуню ды шышы, зачыніліся кавярні для курцоў, “грахоўнасць” жыхароў кантралюе адмыслова створаная паліцыя нораваў.
Гэтыя меры выклікаюць незадавальненне мясцовага насельніцтва. Да вайны ў Сірыі ды Іраку паліў кожны трэці, а паводле некаторых дадзеных, нават кожны другі мужчына. Цяпер людзі паляць патаемна, здалёк ад баевікоў Ісламскай дзяржавы. Тытунь ды цыгарэты прывозяць кантрабандысты. Нікатынавая залежнасць змусіла аднаго з баевікоў выйсці з шэрагаў ІД. Прывязанасць да цыгарэт была мацнейшая за веру ў перамогу ісламістаў у француза Флавіяна Маро. Свой сыход ад ісламістаў ён патлумачыў нежаданнем кінуць курыць, піша польскае выданне.