У аэрапорце Парыжа памёр чалавек, які стаў прататыпам героя фільма «Тэрмінал» Спілберга

У парыжскім аэрапорце Шарль-дэ-Голь 12 лістапада памёр іранец Махран Карымі Насэры. У будынку аэрапорта ён пражыў 18 гадоў.

terminal_1.jpg

Як паведамляе alarabiya.net са спасылкай на прадстаўніка аэрапорта, Насэры памёр у першай палове дня ў суботу ад натуральных прычын у тэрмінале 2F, дзе жыў апошнія некалькі тыдняў.
Насэры нарадзіўся ў 1945 годзе ў іранскай правінцыі Хузестан, у 1988 годзе ён паляцеў у Еўропу на пошукі маці, якая з'ехала раней. Аднак трапіў у міграцыйную пастку. Пасля таго, як яго вытурылі з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і Германіі з-за адсутнасці неабходных дакументаў, Насэры вымушаны быў пасяліцца ў аэрапорце. Права на ўезд у Францыю ў яго таксама не было.
Ён размясціўся ў тэрмінале 2F на некалькіх крэслах,сярод калясак з рэчамі. Дні ён праводзіў, робячы запісы аб сваім жыцці ў нататніку і за чытаннем газет і часопісаў.
Гісторыя Насэры прыцягнула ўвагу сусветных СМІ і галівудскага рэжысёра Стывена Спілберга, які зняў па яе матывах фільм «Тэрмінал» з Томам Хэнксам і Кэтрын Зэтай-Джонс.
Пасля прэм'еры фільма Насэры стаў знакамітым. У нейкі момант ён пачаў называць сябе «сэр Альфрэд» і даваў па шэсць інтэрв'ю ў дзень.
У аэрапорце Руасі-Шарль-дэ-Голь вакол яго вырасла нефармальная сетка падтрымкі, якая прадстаўляла яму ежу і медыцынскую дапамогу, а таксама кнігі і радыё.
У 1999 годзе Насэры атрымаў статус бежанца і права застацца ў Францыі.
«Я не зусім упэўнены, што я хачу рабіць, застацца ў Руасі або з'ехаць», — сказаў ён пасля таго, як атрымаў права жыць у Францыі. «У мяне ёсць дакументы, я магу застацца тут, я думаю, я павінен старанна вывучыць усе варыянты, перш чым прымаць рашэнне».
Ён застаўся.
«Ён больш не хоча пакідаць аэрапорт, — сказаў тады яго адвакат Крысціян Бурзе. — Ён баіцца ісці».
У 2006-м яго шпіталізавалі з-за прыступу хваробы. Пасля гэтага ён жыў у хостэле на грошы, атрыманыя ад фільма.
Некалькі тыдняў таму Насэры вярнуўся ў тэрмінал 2F, дзе і памёр.
У яго знайшлі некалькі тысяч еўра наяўнымі, дадаў прадстаўнік аэрапорта.