У Аргенціне адбыўся замах на віцэ-прэзідэнтку. Людзі выйшлі на вуліцы

Нападнік накіраваў пісталет проста ў твар 69-гадовай Крысціне Фернандэс дэ Кіршнер.

Віцэ-прэзідэнтка Аргенціны Крысціна Кіршнер

Віцэ-прэзідэнтка Аргенціны Крысціна Кіршнер


Сотні тысяч аргентынцаў выйшлі на галоўную плошчу Буэнас-Айрэса на знак салідарнасці з шакуючым замахам на віцэ-прэзідэнтку краіны, які адбыўся 1 верасня, паведамляе агенцтва «Reuters».
Нападнік з блізкай адлегласці накіраваў зараджаны пісталет на Крысціну Фернандэс дэ Кіршнер каля яе дома, але пісталет не стрэліў. Уладам яшчэ трэба будзе высветліць матыў нападу на Кіршнер, былую прэзідэнтку паўднёваамерыканскай краіны.
Плошча Пласа-дэ-Майо ў Буэнас-Айрэсе, размешчаная побач з прэзідэнцкім офісам Casa Rosada, у пятніцу была перапоўненая прыхільнікамі Крысціны Кіршнер, чальцамі прафсаюзаў і іншымі актывістамі.
«Дзякуй Богу і Найсвяцейшай Панне, што куля не вылецела», — сказаў 58-гадовы настаўнік Санцьяга Б'янка.

Людзі выйшлі на вуліцы на знак салідарнасці з палітыкам. Фота: «Reuters»

Людзі выйшлі на вуліцы на знак салідарнасці з палітыкам. Фота: «Reuters»


Палітычныя лідары ўсяго рэгіёна, афіцыйныя асобы ЗША і Папа Рымскі Францішак асудзілі гэты напад, які адбыўся на фоне сур'ёзнага эканамічнага спаду, выкліканага высокай інфляцыяй і падзеннем курсу песа.
Віцэ-прэзідэнтка Крысціна Кіршнер — магчыма, самая ўплывовая палітычная дзяячка Аргенціны. Яе абвінавачваюць у карупцыі, звязанай з меркаванай схемай вываду дзяржаўных сродкаў падчас прэзідэнцтва з 2007 па 2015 гады. Пракурор запатрабаваў прысудзіць яе да 12 гадоў турэмнага зняволення.
Жанчына адмаўляе сваю віну, а яе прыхільнікі выйшлі на вуліцы і штодня збіраюцца каля яе рэзідэнцыі, крытыкуючы судовую сістэму і кансерватыўную апазіцыю за цкаванне Кіршнер.
Прэзідэнт Аргенціны Альберта Фернандэс, каментуючы напад, сказаў, што гэты ён быў найгоршым момантам з тых часоў, як краіна вярнулася да дэмакратыі.
Відэа і фотаздымкі замаху, на якіх нападнік накіроўвае пісталет у твар Крысціне Кіршнер, сталі віруснымі і разляцеліся па ўсёй краіне. Оскар Парылі, сенатар ад кіруючай кааліцыі, блізкі да віцэ-прэзідэнткі, сказаў мясцоваму радыё, што яна ў шоку, але яе стан здавальняючы. 
Паліцыя арыштавала падазраванага. Ім аказаўся 35-гадовы бразілец Фернанда Андрэс Сабаг Манцьель. верагодным матывам нападу маглі паслужыць рознагалоссі паміж палітычнымі сіламі Аргенціны.