«У Арменіі не настолькі заціснутыя гайкі»: Беларускія эксперты пра падзеі ў Ерэване
Прэмʼер-міністар Арменіі Серж Саргсян падаў у адстаўку. Менавіта адстаўка Саргсяна была галоўным патрабаваннем пратэстаў, якія працягваюцца ў Арменіі 11-ы дзень. Беларускія эксперты каментуюць падзею на "Радыё Свабода".
Класкоўскі: Беларуская ўлада думае, што схапіла Бога за бараду, але такая самаўпэўненасць нярэдка падводзіць
Мінскі палітолаг Аляксандр Класкоўскі выказаўся пра адстаўку армянскага прэмʼера.
«Варта зазначыць, што ў Арменіі хоць і аўтарытарны рэжым, але значна мякчэйшы, чым у Беларусі, там не настолькі заціснутыя гайкі. І таму, як мы бачым, аўтарытарны кіраўнік сышоў пад націскам народных пратэстаў.
Натуральна, што ў пэўнай ступені і нацыянальны тэмперамент дае сябе знаць. Невыпадкова мы бачылі ўжо некалькі майданаў ва Украіне, гэта наша паўднёвая суседка. Хоць абедзве краіны і побач, але памяркоўныя беларусы і гарачыя ўкраінцы вельмі адрозніваюцца.
І яшчэ адзін момант. Прапаганда звычайна цвердзіць, што ўсе „гэтыя пратэсты інспіруюцца праклятым Захадам, імперыялістамі, вашынгтонскім абкамам“. Але ж Арменія — гэта, бадай, ці не самая прарасійская постсавецкая рэспубліка. Гэта тлумачыцца спецыфікай іх цяжкай геапалітычнай сітуацыі. Навокал, як яны мяркуюць, ворагі... І пры гэтым такі вось выбух абурэння.
Гэта значыць, што сапраўды „дасталі“ вось гэтыя аўтарытарныя правіцелі.
Малы, але горды, як кажуць на Каўказе, народ. Трошкі болей такога гонару не пашкодзіла б і беларусам.
Беларуская ўлада ўжо больш за два дзесяцігоддзі метадычна заціскае ўсе гайкі і думае, што яна такім чынам схапіла Бога за бараду. Але гісторыя паказвае, што такая самаўпэўненасць нярэдка падводзіць».
Вялічка: Армянскія ўлады сістэмна ішлі да ракіроўкі, зразумелай на постсавецкай прасторы
Адстаўку Сержа Саргсяна пад ціскам вулічных пратэстаў з пасады прэмʼер-міністра для “Радыё Свабода” пракаментаваў генеральны дырэктар Міжнароднага канцсорцыуму «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка. Ён шчыльна супрацоўнічае з армянскімі калегамі ў рамках ініцыятывы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства», наведваўся ў Ерэван падчас ранейшых палітычных крызісаў.
«Сітуацыя з пратэстамі супраць Сержа Саргсяна ў якасці прэмʼер-міністра стала нечаканасцю нават для армянскага грамадства, — кажа ён. — Калегі, з якімі мы супрацоўнічаем у межах форуму грамадзянскай супольнасці, самі кажуць, што ўзровень пратэстаў аказаўся надзвычай высокі. Вядома, гэта пытанне годнасці людзей, якія апынуліся ў сітуацыі, калі іх пачуццём гонару папросту маніпулююць.
Армянскія ўлады сістэмна ішлі да ракіроўкі, зразумелай для постсавецкай аўтарытарнай прасторы. Яны паслядоўна рэалізоўвалі гэты сцэнар — праз канстытуцыйную рэформу, рэферэндум і прызначэнне экс-прэзідэнта прэмʼерам. Грамадства некалькі разоў супраціўлялася такога кшталту крокам, але цяперашні аказаўся найбольшым выклікам для грамадства, якое хоча сябе паважаць».
Улад Вялічка не думае, што апошнія палітычныя падзеі неадкладна прынясуць станоўчыя змены для армянскага грамадства. Цяперашняя эйфарыя хутка зменіцца буднямі, сярод якіх паўстануць усё тыя ж застарэлыя праблемы.
«Мы толькі што даведаліся пра гэтую навіну і, паміж сабой абмяркоўваючы, разумеем, што насамрэч гэта толькі пачатак сурʼёзнага выкліку, які паўстае перад армянскім грамадствам, — працягвае суразмоўца. — Вядома, тое, што былы прэзідэнт не стане прэмʼер-міністрам, — вялікая перамога грамадскай думкі.
Але праблемы, якія існуюць у сістэме дзяржаўнага кіравання, у пытаннях карупцыі, у магчымасці дыялогу грамадства і дзяржавы, — яны ад гэтага нікуды не падзеліся, усё засталося там жа. І яшчэ вялікае пытанне, якімі будуць наступныя крокі, якія маглі б скіраваць сітуацыю ў канструктыўны, дэмакратычны бок. Пакуль не відавочна, што гэта здарыцца менавіта праз такога кшталту сцэнар».