У Берліне прайшла акцыя салідарнасці з сёстрамі Хачатуран

Каля расійскай амбасады ў сталіцы Германіі 21 чэрвеня прайшла акцыя «Мы – сёстры Хачатуран». Арганізавалі мітынг феміністкі рускамоўнай дыяспары Берліна, паведамляе Белсат.

belsat.eu

belsat.eu

Ужо другая за тыдзень дэманстрацыя пратэсту сабрала больш за 30 удзельнікаў і ўдзельніц. Пратэстоўцы сабраліся ля Брандэнбургскіх варот у 16.00 і прайшлі да амбасады Расіі. Актывісты і актывісткі трымалі ў руках плакаты і скандавалі лозунгі ў падтрымку сясцёр Хачатуран на англійскай, нямецкай і рускай мовах:
«Стоп хатняму гвалту ў Расіі», «Самаабарона – не злачынства», «Свабоду сёстрам Хачатуран».
Каля амбасады яны таксама раздавалі мінакам улёткі з інфармацыяй аб арыштаваных.

«Пацярпелых трэба падтрымліваць, а не караць»

Адна з арганізатарак дэманстрацыі, актывістка і вядомая ў Берліне паэтка Дзінара Расулева патлумачыла Belsat.eu, чаму лічыць важнымі такія акцыі жаночай салідарнасці з расійскімі абвінавачанымі:
«Важна распаўсюджваць інфармацыю. Пратэстуючы тут, у Берліне, мы можам больш шырока абвясціць тое, што адбываецца ў Расіі, і тым самым паўплываць на развіццё падзеяў. Важна, што людзі па ўсім свеце выступаюць супраць гвалту ў сям’і. Пацярпелых трэба падтрымліваць, а не караць».
Удзельнік акцыі Цімур падтрымлівае такую пазіцыю:
«Важна падымаць тэму гвалту. Гэта глабальная праблема».

belsat.eu

belsat.eu

«Трэба шмат акцый і міжнародная падтрымка»

Актывістка Алена лічыць, што спыняцца на некалькіх малалікіх мітынгах нельга:
«Я думаю, адной нашай акцыяй нічога не змяніць. Трэба шмат акцый і міжнародная падтрымка».
Акцыя «Мы – сёстры Хачатуран» доўжылася каля гадзіны. На панядзелак 24 чэрвеня запланаванае адначасовае правядзенне аналагічных дэманстрацый у іншых гарадах Германіі.
belsat.eu