У Бранскай вобласці паспрабавалі падарваць нафтаправод «Дружба»
Сам трубаправод «Дружба» не пацярпеў, аднак супрацьпадкопная труба і падстанцыя аказаліся пашкоджаныя.

Раніцай 11 чэрвеня недалёка ад пасёлка Гулеўка (гэта 40 км да мяжы з Украінай) прагрымелі тры выбухі, паведамляе тэлеграм-канал Baza. Тады ж спрацаваў сігнал аб страце сувязі з засаўкай трубаправода. Паводле папярэдніх звестак, гэта былі безабалонкавыя выбуховыя прыстасаванні.
«Адным з выбухаў была пашкоджана трансфарматарная падстанцыя з энергаблокам засаўкі нафтаправода. Яшчэ адзін выбух адбыўся ў месцы, дзе пракладзены кабель — там засталася варонка 40 на 20 см. Трэці выбух пашкодзіў супрацьпадкопную трубу (дадатковы сродак абароны, які закопваюць у зямлю на рэжымных аб'ектах), пакінуўшы варонку 40 на 60 сантыметраў», — піша Baza.
Між тым сам трубаправод «Дружба» не пацярпеў, аднак супрацьпадкопная труба і падстанцыя аказаліся пашкоджаныя, таксама быў абясточаны энергаблок кіравання засаўкай. Канал паведамляе, што разліву нафтапрадуктаў удалося пазбегнуць. З 24 лютага трубаправод закансерваваны, але ўнутры знаходзіцца дызельнае паліва.
Афіцыйных каментароў наконт надзвычайнага здарэння пакуль не было.
— Нафтаправод «Дружба» працуе ў штатным рэжыме, прапампоўка нафты ў Еўропу ідзе па графіку па абедзвюх галінах, — заявіла кампанія «Транснафта».