У цэнтры Ерэвана падчас пратэстаў адбыліся сутычкі: ёсць параненыя

У цэнтры Ерэвана адбываюцца акцыі пратэсту супраць прызначэння экс-прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна прэм’ер-міністрам краіны. Праваахоўнікі выкарыстоўвалі і слезацечны газ.

Фота: AFP

Фота: AFP

Адбыліся сутычкі паміж пратэстоўцамі і паліцыянтамі, трое праваахоўнікаў і адзін з лідараў пратэсту параненыя, перадае ВВС.

Кіраўнік партыі “Грамадзянская дамова” і кіраўнік парламенцкай фракцыі “Выйсце” Нікол Пашынян трапіў у лякарню з ірванымі ранамі. Падчас сутыкнення ён упаў на калючы дрот, якім паліцыя перакрыла падыход да будынку парламента. Праваахоўнікі таксама выкарыстоўвалі слезацечны газ.

Мітынгі праціўнікаў Саргсяна ў Ерэване доўжацца ўжо трэція суткі. У нядзелю Нікол Пашынян абвясціў план масавых акцыяў і заклікаў прыхільнікаў перакрыць масты, вуліцы, заблакаваць станцыі метро.

Галасаванне аб прызначэнні Сержа Саргсяна прэм’ер-міністрам павінна адбыцца ў аўторак. Саргсян займае высокія дзяржаўныя пасады ў Арменіі з 2007 года. У 2008 годзе яго абралі прэзідэнтам, затым у 2013 годзе пераабралі, пасля чаго Арменія распачала пераход да парламенцкай формы кіравання з пашырэннем паўнамоцтваў прэм’ер-міністра і змяншэннем паўнамоцтваў прэзідэнта. Калі Саргсяна абяруць прэм’ерам, ён застанецца на гэтай пасадзе да 2022 года.

9 красавіка адбылася інаўгурацыя абранага прэзідэнта Армена Саркісяна. У той самы дзень пасля двух тэрмінаў скончыліся паўнамоцтвы прэзідэнта Сержа Саргсяна, і ўрад Арменіі падаў у адстаўку. Армен Саркісян стаў першым прэзідэнтам Арменіі, якога абраў парламент у адпаведнасці з прынятай у 2015 годзе канстытуцыяй — яна прадугледжвае пераход краіны да парламенцкай формы кіравання.

У суботу выканаўчы орган кіруючай Рэспубліканскай партыі Арменіі на прапанову першага намесніка старшыні партыі Карэна Карапецяна прыняў рашэнне прадставіць Савету РПА кандыдатуру лідара партыі Сержа Саргсяна на пасаду прэм’ер-міністра Арменіі. Савет адзінагалосна ўхваліў кандыдатуру.

euroradio.fm