У Ейску вайсковы знішчальнік упаў на жылыя дамы. Ёсць ахвяры

У Краснадарскім краі знішчальнік Су-34 урэзаўся ў дзевяціпавярховік і загарэўся.

Знішчальнік Су-34 упаў на жылыя дамы і загарэўся

Знішчальнік Су-34 упаў на жылыя дамы і загарэўся


У горадзе Ейск Краснадарскага краю на дзевяціпавярховы жылы дом упаў і загарэўся знішчальнік Су-34, паведамляюць расійскія СМІ са спасылкай на відавочцаў. Крушэнне самалёта пацвердзіла Міністэрства абароны Расіі. Там сцвярджаюць, што прычынай стала ўзгаранне аднаго з рухавікоў, а пажар узнік у выніку ўзгарання паліва. Пры гэтым паведамляецца, што пілоты паспелі катапультавацца.
Мясцовыя жыхары публікуюць у сацсетках відэа з наступствамі катастрофы. На кадрах відаць, што гараць некалькі паверхаў жылога будынка, чутныя выбухі. Людзі мяркуюць, што гэта выбухаюць боепрыпасы самалёта. Ваенны карэспандэнт «Комсомольской правды» Аляксандр Коц сцвярджае, што самалёт 277-га бамбавальнага авіяпалка нёс снарады да гарматы, іх дэтанацыю і чулі пры крушэнні, піша «Deutsche Welle».
Плошча ўзгарання склала 2000 квадратных метраў. Агонь цалкам ахапіў адзін з пад'ездаў. «Абрынуліся перакрыцці з дзявятага па пяты паверхі. Агнём ахоплены пад'езд цалкам, пашкоджаныя ў той ці іншай ступені каля 45 кватэр», — паведамляюць ратавальнікі.
Паводле папярэдніх даных, у выніку крушэння Су-34 адзін чалавек загінуў. Пра колькасць пацярпелых звесткі адрозніваюцца: ад 3 да 13 чалавек.
Каля 350 жыхароў пацярпелага дома эвакуяваныя ў бліжэйшую гасцініцу і дзіцячы лагер.