У Ерэване — факельнае шэсце ў памяць аб загінулых у Асманскай імперыі

Сёння, 23 красавіка, у Ерэване зладзілі вялікае факельнае шэсце ў памяць аб загінулых у Асманскай імперыі армянах. Многія краіны прызналі гэтыя падзеі генацыдам.

Фота ТАСС

Фота ТАСС

Факельнае шэсце ў памяць аб загінулых у Асманскай імперыі 1,5 мільёна армянаў пачалося з плошчы Рэспублікі ў Ерэване, паведамляе ТАСС.

«Шэсце праходзіць не толькі ў Ерэване, але і ў цэнтры Арцаха (Нагорна-Карабахская Рэспубліка), Сцепанакерце і ў сэрцы Сюнікі Капане. Гэта шэсце ўз'яднання ўсіх армян», — сказаў адзін з лідараў апазіцыі Ішхан Сагатэлян.

Ён таксама адзначыў, што гэтае шэсце супраць уладаў, якія, на яго думку, спрыяюць здачы Нагорнага Карабаха.

У акцыі бяруць удзел звыш 15 тысяч чалавек, у асноўным моладзь. Практычна ўсе апазіцыйныя сілы сталі ўдзельнікамі акцыі, у тым ліку другі і трэці прэзідэнты Арменіі Роберт Качаран і Серж Саргсян.


Да пачатку Першай сусветнай вайны армянскае насельніцтва Асманскай імперыі складала каля 2,5 мільёнаў чалавек. У 1915 годзе ў выніку дэпартацыі і шматлікіх забойстваў загінулі, па розных ацэнках, да 1,5 мільёна армян. Шэраг дзяржаў прызналі гэтыя падзеі генацыдам армян.