У Гаазе экс-камандзіра арміі Косава асудзілі на 26 гадоў турмы за катаванні

Спецыяльны суд па часткова прызнаным Косаве асудзіў былога камандуючага Вызваленчай арміі Косава Саліха Мустафу да 26 гадоў турмы. Яго прызналі вінаватым у ваенных злачынствах. Гэта першы прысуд гаагскага трыбунала па злачынствах у Косаве, паведамляе Балканская служба «Радыё Свабода».

59189634_303_1.jpg


Суддзі прыйшлі да высновы, што Мустафа датычны да катаванняў, незаконных затрыманняў і забойстваў. Па даных следства, Мустафа ўзначальваў партызанскую групу, якая ўтрымлівала як мінімум шэсць косаўскіх албанцаў. Іх абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з сербамі.
Зняволеных збівалі бейсбольнымі бітамі, білі токам і катавалі агнём, ім не давалі вады і ежы. Суд лічыць, што Мустафа асабіста браў удзел у катаваннях як мінімум двух зняволеных увесну 1999 года.
Мустафу арыштавалі ў 2020 годзе. Тады ён займаў пасаду дарадцы Мінабароны Косава. Восенню 2020 года спецыяльны трыбунал у Гаазе па расследаванні ваенных злачынстваў у Косаве прад'явіў абвінавачванні ў ваенных злачынствах цэламу шэрагу найбольш буйных палітыкаў самай маладой дзяржавы Еўропы, у першую чаргу, прэзідэнту Хашыму Тачы. У адказ той абвясціў, што неадкладна сыходзіць у адстаўку, паколькі не жадае паўстаць перад судом у якасці кіраўніка дзяржавы. Акрамя Тачы абвінавачванні былі прад'яўлены старшыні Дэмакратычнай партыі Косава Кадры Веселі, былому старшыні парламента Якупу Краснічы і кіраўніку фракцыі найбуйнейшай партыі косаўскага парламента «Самавызначэнне» («Vetëvendosje!») Рэджэпу Селімі.
Усе яны былі высокапастаўленымі членамі былой Вызваленчай арміі Косава (ВАК), якая ваявала падчас вайны 1998-99 гадоў супраць сербскай арміі. Ім ставіцца ў віну тое, што яны здзяйснялі ваенныя злачынствы або аддавалі адпаведныя загады, уключаючы забойства, катаванні, пераслед і бесчалавечнае абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Судовы працэс у рамках Спецыяльнага трыбунала для расследавання ваенных злачынстваў, учыненых у 1998-99 гадах падчас вайны за незалежнасць Косава, пачаўся 15 верасня 2021 года. Саліх Мустафа заявіў на судзе, што не прызнае сябе вінаватым ні па адным з пунктаў абвінавачанняў, і назваў абвінаваўцаў гестапаўцамі, паведамляе агенцтва «AFP».
 Суд знаходзіцца ў Гаазе, але дзейнічае ў адпаведнасці з законамі Косава.