У Гайнаўцы судзяць каля 30 чалавек, якія хацелі спыніць шэсьце прыхільнікаў «Бурага»

«Гэтага працэсу ўвогуле не павінна быць». — сказала перад судом адвакатка, паведамляе «Свабода».

4ab5a684_8730_4422_9bea_cd2d4a095cf9_cx0_cy5_cw0_w1597_n_r1_st.jpg


У панядзелак у гайнаўскім судзе на Беласточчыне пачынаюцца працэсы каля 30 чалавек, якіх абвінавачваюць у блакаванні ў лютым Маршу выклятых жаўнераў, паведамляе Gazeta Wyborcza.

Акцыю арганізавалі польскія нацыяналісты, якія ўшаноўвалі, між іншым, Рамуальда Райса «Бурага», адказнага за забойства беларусаў Падляшша пасля Другой сусветнай вайны.

Абвінавачаныя — гэта актывісты апазіцыйных да сённяшняга ўраду ў Польшчы арганізацый «Грамадзяне РП», «Камітэту абароны дэмакратыі» і іншыя, хто 23 лютага хацеў спыніць шэсце нацыяналістаў у цэнтры мястэчка. Паліцыя Гайнаўкі абвінаваціла 26 чалавек, але, як паведамляе Gazeta Wyborcza, рыхтуюцца чарговыя 50 заяваў у суд.

— Гэтага працэсу ўвогуле не павінна быць. Абвінавачаныя дзейнічалі спантанна і мелі права выказаць свае погляды, — сказала перад пачаткам працэсу адвакатка Дарота Лаўроўская.

Паліцыя абвінавачвае актывістаў у парушэнні трох артыкулаў Кодэксу аб дробных правапарушэннях, якія прадугледжваюць пакаранне за чыненне перашкоды легальнай акцыі. За гэта ім пагражае арышт да 14 дзён, штраф, вымова або абмежаванне свабоды.

Польскія нацыяналісты чарговы раз ушаноўвалі Рамуальда Райса «Бурага». У 1946 годзе ягоны атрад забіў 79 праваслаўных беларусаў, у тым ліку дзяцей і жанчын. Інстытут нацыянальнай памяці прыйшоў да высновы, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.

На трасе шэсця нацыяналістаў чакалі «Грамадзяне РП». Яны трымалі транспарант «Буры не герой» і табліцы з назвамі вёсак, якія знішчыў атрад Рамуальда Райса. На асфальт яны кінулі 79 белых ружаў.

Адным з важакоў шэсця, у якім удзельнічала каля 300 чалавек, быў Пётра Рыбак. У Дзень памяці ахвяраў Халакосту ён правёў маніфестацыю каля былога лагеру ў Асвенціме. У лістападзе 2015 году ён спаліў на плошчы ў Вроцлаве ляльку габрэя. За гэта яму прысудзілі 10 месяцаў пазбаўлення волі, але вырак быў зменшаны да трох месяцаў.

www.svaboda.org