У Ганконгу заявілі, што распрацавалі вакцыну ад новага каранавірусу

Навукоўцы з Ганконгу заявілі, што распрацавалі вакцыну ад новага каранавірусу, паведамляе South China Morning Post. Пачаць выкарыстоўваць яе, аднак, можна будзе толькі пасля клінічных выпрабаванняў, зазначае Радыё Свабода.

52152957_303.jpg

«Мы ўжо выпрацавалі вакцыну, але тэставанне на жывёлах зойме шмат часу», — сказаў эксперт у інфекцыйных хваробах прафесар Юэн Квок-Юнг.
Паводле яго, выпрабаванні на жывёлах будуць працягвацца некалькі месяцаў, яшчэ мінімум год спатрэбіцца, каб правесці клінічныя выпрабаванні на людзях, перш чым вакцыну можна будзе выкарыстоўваць.
Распрацоўку вакцыны ад новага каранавірусу таксама вядуць у Кітаі, ЗША і Аўстраліі. Работы пачаліся яшчэ 10 студзеня, калі кітайцы падзяліліся геномам віруса.
Аўстралійскія навукоўцы 29 студзеня заявілі, што стварылі ў лабараторыі копію новага каранавірусу, які выклікаў эпідэмію ў Кітаі, і паабяцалі падзяліцца ўзорам з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і лабараторыямі па ўсім свеце, каб паскорыць распрацоўку вакцыны.
Паводле апошніх звестак, у Кітаі ахвярамі каранавірусу сталі ўжо больш за 130 чалавек.
Паводле svaboda.org