У Казахстане разбіўся самалёт з 95 пасажырамі. Загінулі 15 чалавек
Пасажырскі самалёт авіякампаніі Bek Air пацярпеў крушэнне раніцай 27 снежня пры вылеце з аэрапорта Алма-Аты ў Казахстане.
![muyzi2rdz6znqjxvpyli5g.jpg muyzi2rdz6znqjxvpyli5g.jpg](/img/v1/images/muyzi2rdz6znqjxvpyli5g.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як паведамляецца ў фэйсбуку аэрапорта, адразу пасля ўзлёту лайнер страціў вышыню, прабіў бетонную агароджу і сутыкнуўся з двухпавярховым будынкам. Аварыя адбылася ў раёне жылога сектара, дадае камітэт па надзвычайных сітуацыях МУС Казахстана. Самалёт урэзаўся ў пусты недабудаваны дом. Выбуху і ўзгарання ў выніку крушэння не было.
Самалёт Fokker-100 ляцеў рэйсам Z2100 з Алма-Аты ў Нур-Султан. На борце знаходзіліся 100 чалавек: 95 пасажыраў і 5 чальцоў экіпажа.
Цяпер вядома пра 15 загінулых. Яшчэ 66 чалавек шпіталізаваны з раненнямі, не менш за 19 з іх знаходзяцца ў цяжкім стане. Сярод параненых восем дзяцей. Выратавальныя службы працягваюць эвакуацыю пасажыраў на месцы аварыі.
Прычыны крушэння самалёта пакуль не вядомыя. Усе палёты лайнераў гэтага тыпу ў краіне часова спыненыя. Дзейнасць авіякампаніі Bek Air таксама прыпыненая.
![© Sputnik / Стрингер © Sputnik / Стрингер](/img/v1/images/1562915302_0_0_1000_541_1440x900_80_2_1_78aa5dec0411bc4dad0b9f145c020ce1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
© Sputnik / Стрингер
Авіякампанія Bek Air, як паведамляецца на яе сайце, заснаваная ў 1999 годзе і з'яўляецца першым у Казахстане лаўкостэрам, якія ажыццяўляюць рэгулярныя ўнутраныя рэйсы, а таксама палёты ў Маскву, Санкт-Пецярбург, краіны СНД, Турцыю, ААЭ, Манголіі і Кітай. Парк кампаніі налічвае сем самалётаў тыпу Fokker-100. Па дадзеных Flightradar24, які разбіўся самалёт эксплуатаваўся 23 гады.