Беларусь дамовілася на пастаўкі казахскай нафты праз Расію
Казахстан дамовіўся з "Транснафтай" пра пастаўкі нафты ў Беларусь праз Расію. Пра гэта амбасадар Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў распавёў на прэс-канферэнцыі 26 снежня, перадае БЕЛТА.
Дыпламат паведаміў, што на цяперашні час ёсць палітычныя дамоўленасці наконт транзіту нафты з Казахстана ў Беларусь праз Расію. Па яго словах, яны былі дасягнутыя падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан сёлета ў кастрычніку.
«Ёсць дамоўленасці аб тым, што калі ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры будуць завершаныя і ўсе пытанні адпрацаваныя, будуць заключаныя дамовы аб пастаўках і транзіце нафты нафтаздабыўнымі кампаніямі», — падзяліўся падрабязнасцямі амбасадар.
Па яго словах, міністр энергетыкі Казахстана ўзгадніў з расійскімі калегамі пытанне аб транзіце нафты з Казахстана ў Беларусь.
Раней Аляксандр Лукашэнка не выключаў, што Беларусь у выніку расійскага падатковага манеўру будзе шукаць нафту ў іншых пастаўшчыкоў. У Крамлі да гэтых заяваў паставіліся спакойна. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адзначыў, што Беларусь мае права шукаць іншыя крыніцы паставак, калі яны больш выгадныя, чым расійскія.
euroradio.fm